Латвія зрабіла больш жорсткай забарону на выкарыстаньне таталітарнай сымболікі

Ілюстрацыйнае фота

Сэйм Латвіі большасьцю галасоў прыняў у трэцім, канчатковым чытаньні законапраект, які ўзмацняе жорсткасьць забароны на выкарыстаньне савецкай і нацысцкай сымболікі.

Забарона распаўсюджваецца на выкарыстаньне сьцяга, герба і гімна Савецкага Саюза, а таксама адпаведных сымбаляў Латвійскай ССР і нацысцкай Нямеччыны — савецкіх сярпа, молата і пяціканцовай зоркі, а таксама нацысцкай свастыкі.

Забарона на выкарыстаньне гэтых знакаў, якая ўжо дзейнічае ў Латвіі з 2013 года ў пэўных сытуацыях, таксама будзе цяпер распаўсюджвацца на памятныя, сьвяточныя і забаўляльныя мерапрыемствы. Пад забарону трапілі і ваенныя формы часоў Савецкага Саюза і Трэцяга рэйха.

Разам з тым, законапраект дапускае выключэньне ў тых выпадках, калі гэта не зьвязана «з праслаўленьнем таталітарных рэжымаў або апраўданьнем іх злачынстваў».

Забарона не тычыцца савецкіх узнагарод, якія носяць вэтэраны вайны.