Як у экстрэмальную сьпёку выжываюць будаўнікі, трактарысты і кіроўцы. ФОТА

Кандуктары перад рэйсам замарожваюць ваду і ўкручваюць бутэлькі ў паперу. Трактарысты косяць сена ад ранку да ночы пры +55 у кабіне — ратуюцца гартам і цярпеньнем. Будаўнікі кажуць пра сваю працу: «Пекла натуральнае!»

У Беларусі з пачатку чэрвеня пабітыя тэмпэратурныя рэкорды. 12 чэрвеня быў самы сьпякотны дзень за год. 13 чэрвеня ў сталіцы Беларусі фіксуецца +30 — +32. На паўднёвым усходзе +33. Найцяжэй пераносіць сьпёку тым, хто вымушаны працаваць на адкрытым сонцы ці кіраваць грамадзкім транспартам. Аўтобусы і тралейбусы нагадваюць душагубкі.

Гадзіна працы на сьпёцы — 1 рубель 12 капеек

Аляксандар Гарбачоў працуе стропальшчыкам прадпрыемства ААТ «СП-Буд». Цяпер прадпрыемства будуе 10-павярховы дом у Гомлі. Пра скарачэньне працоўнага дня празь сьпёку, забесьпячэньне вадой ён ня чуў, як і ягоныя калегі.

«Наймальнік павінен забясьпечыць работнікаў вадой на кожным паверсе, абвяшчаць перапынкі пры тэмпэратуры звыш 30. Прафсаюз накіраваў ліст ва ўсе арганізацыі будаўніцтва, дзе раіў наймальнікам перанесьці працоўны час такім чынам, каб з 12 да 15 работнікі мелі магчымасьць адпачыць», — зачыталі мы парады прафсаюзаў. Будаўнікі толькі пасьмяяліся ў адказ.

«У нас, наадварот, перапынкаў стала менш з пачаткам сьпёкі! І ваду нам ніхто не дае. У каго грошы ёсьць — набывае, у каго няма — са шлянга п’е. А дзе тыя грошы ў нас, калі заробак 350 рублёў? У такое пекла працуючы!» — кажа Аляксандар Гарбачоў і дэманструе свае разьліковыя за апошнія месяцы.

У разьліковым квітку пазначана, што месяц працы стропальшчыка ацэнены ў 337 рублёў, гадзіна — у 1 рубель 12 капеек

Стропальшчык кажа, што горш за ўсіх цяпер мулярам. Яны працуюць на сёмым паверсе недабудаванага дому, на самым санцапёку. Блага ў такі сквар кранаўшчыку. Па рацыі ён адказвае, што «працуе ў напаўпрытомным стане». Але размаўляць з журналістамі ня хоча: «Яны мне лепш ня зробяць, а толькі горш»

«Цяжка нам? А што рабіць?»

Аляксандар Помазаў працуе на айчынным трактары на нарыхтоўцы кармоў. Тэмпэратуру ў кабіне не вымяраў.

«Мусіць, плюс 55 будзе дакладна. Адчыняю ў кабіне ўсё, што можна адчыніць. Мінэральную ваду прывозяць з абедам — па паўтара літра. Едзем паўз калёнку — ваду набіраем халодную», — кажа Аляксандар.

Аляксандар Помазаў

Працоўны дзень у трактарыстаў — зь сямі да сямі. Заробак — 400–500 рублёў.

Аляксандар Зыкаў працуе на дваццацітонным грузавіку «МАЗ». Ён — камандзіровачны з Гомля. Дапамагае гаспадарцы «Іскра-Ветка» ў нарыхтоўцы кармоў. Працоўны дзень — 12 гадзін.

«Ратуюся вадой ці гарачай гарбатай — ад яе менш піць хочацца», — кажа малады кіроўца.

Аляксандар Зыкаў

«Сьпякотна? А што рабіць? Напэўна, градусаў 55 будзе ў кабіне. Цяжка мне? А што рабіць...» — кажа Юры Зайцаў.

На нарыхтоўцы кармоў ён працуе першы месяц, пра памер заробку яшчэ ня ведае. За мінулыя месяцы зарабляў па 500–600 рублёў.

Юры Зайцаў

Замарожаны кампот і вада ў газэтах

Кандуктары і кіроўцы грамадзкага транспарту замарожваюць дома ваду ў ПЭТ-бутэльках, загортваюць іх у газэты — каб марудней награвалася, і пэрыядычна п’юць. Кандуктарка Ларыса паказала месца, дзе найменш сьпякотна. Гэта круг у аўтобусе-гармоніку пасярод салёна.

Там, па-першае, цень, па-другое — «скразьняк з усіх бакоў».

Сама кандуктарка стараецца там стаяць, а калі пасажырам робіцца блага, то садзіць іх на месцы, якія найбліжэй да гэтага кругу. Гэта месцы, якія найбольш праветрываюцца. Іншая кандуктарка хадзіла па салёне з замарожаным кампотам.

«Тры дні быў у маразілцы, цалкам замерз, загарнула ў газэтку і нашу з сабой», — сказала кандуктарка.

Кіроўцы тралейбусаў кажуць, што кандыцыянэры ёсьць толькі ў адзінкавых «рагатых».

«Дзьверы цалкам расчыняць забараняецца, адзінае выйсьце — рабіць шчыліну паміж пярэднімі дзьвярыма і адчыняць вакно. У кабіне — як у лазьні. Марозім ваду, п’ем — так ахалоджваемся. Абавязкова па прыбыцьці на канцавы прыпынак мы абліваем галаву і шыю халоднай вадой у дыспэтчарскай», — распавяла кіроўца тралейбуса Іна.

Пра тэмпэратурныя рэкорды наўрад ці ведаюць дзеці. Яны бавяць час у фантане, ім на працу як мінімум празь дзесяць гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вэнтылятар, майткі і халоднае абціраньне — як выжываюць у сьпёку зьняволеныя

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці павінен скарачацца працоўны дзень у сьпёку?