Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў лічыць нармальным адсутнасьць інфармацыі пра ход перамоў аб пашырэньні інтэграцыі ў межах так званай «саюзнай дзяржавы». І заяўляе, што Масква ня мае мэты пасадзіць некага на «прэзыдэнцкі трон».
«Усё адкрыта. Летась у сьнежні былі сустрэчы прэзыдэнтаў. Яны дамовіліся стварыць рабочую групу, якая разгледзіць саюзную дамову для таго, каб зразумець, якія палажэньні пасьля 20 гадоў маюць патрэбу ў дадатковай увазе. Пытаньне сур’ёзнае, яно тычыцца эканамічнай, фінансавай і падатковай сфэраў», — сказаў Лаўроў у інтэрвію РБК.
Паводле расейскага міністра, Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка даручылі рабочай групе на ўзроўні віцэ-прэм’ераў разабрацца, як далей прасоўваць інтэграцыю. І, пакуль ідуць перамовы, перамоўнікам няма патрэбы кожны дзень выходзіць на публіку і расказваць, хто каму чаго прапанаваў.
На заўвагу аб тым, што адсутнасьць інфармацыі спараджае розныя чуткі — напрыклад, што ў 2024 годзе Пуцін узначаліць агульную дзяржаву, — кіраўнік МЗС Расеі заявіў, што ў саюзнай дамове няма нічога, што магло б падвесьці да спэкуляцый аб тым, каб «вывесьці некага на прэзыдэнцкі прастол».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго хоча Расея ад Беларусі?21 сакавіка агенцтва Bloomberg паведаміла, што ў Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі разглядаюць розныя варыянты, якія дазволяць Уладзіміру Пуціну заставацца ва ўладзе як мага даўжэй. Адзін са сцэнароў прадугледжвае стварэньне новай дзяржавы шляхам аб’яднаньня зь Беларусьсю. У гэтым выпадку Пуцін яе ўзначаліць, што дазволіць яму абысьці канстытуцыйныя абмежаваньні колькасьці прэзыдэнцкіх тэрмінаў.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, камэнтуючы публікацыю Bloomberg, назваў яе вольнымі практыкаваньнямі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да таго, што абмяркоўваецца ў Крамлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Беларусі ў Расеі назваў падатковы манэўр парушэньнем дамовы аб ЭАЭСТэму больш шчыльнай інтэграцыі ініцыяваў у канцы 2018 году расейскі бок. Гэта адбывалася на фоне нявырашанай спрэчкі аб кампэнсацыі Беларусі наступстваў ад правядзеньня ў Расеі падатковага манэўру. Менск налічыў каля 15 млрд даляраў стратаў і разьлічвае на іх пакрыцьцё. Крэмль ставіць прэфэрэнцыі ў залежнасьць ад ступені інтэграцыі дзяржаў.