Трубач над горадам: музыка прыдумаў для Віцебску новую традыцыю

Музыка і мастак Яўген Палавінскі падараваў Віцебску ўжо два праекты: арт-лаўку «сядзейку» і ліхтарнага чалавечка Дзядзю Віцю. Тыя добра прыжыліся ў горадзе. Цяпер ён прыдумаў для гораду новы звычай — каб штодня на ратушы граў музыка-духавік. Аўтар ідэі запрасіў карэспандэнтаў Свабоды разам падняцца на вежу, каб спраўдзіць задуманае ў тэставым рэжыме.

«Трубач павінен граць з вышыні. Ратуша — адзін з самых высокіх будынкаў у цэнтры Віцебску», — тлумачыць выбар месца Яўген.

Першая ратуша зьявілася ў Віцебску ў 1597 годзе. Яна была драўляная і стаяла ў цэнтры гандлёва-рамеснага пасаду. Каменную ратушу пабудавалі ў другой палове 18 стагодзьдзя. Разам з вытанчанай барочнай Уваскрасенскай царквой і масіўным касьцёлам Сьвятога Антонія, які плянуецца аднавіць, будынак утвараў Ратушную плошчу. Гараджане лічылі ратушу візытоўкай Віцебску.

У розныя часы ў ратушы месьціліся гарадзкая ўправа, паліцыя, суд, гаўптвахта і пажарны двор. Цяпер гістарычны будынак заняты віцебскім краязнаўчым музэем.

Музэйныя супрацоўнікі — за ідэю з трубачом. Разглядаюць яе як яшчэ адну магчымасьць выкарыстаць патэнцыял ратушы. З красавіка па кастрычнік аглядную пляцоўку на вежы адкрываюць для наведнікаў. Гэтага раскладу мусіць прытрымлівацца і трубач.

Паводле Яўгена, ён будзе падымацца на ратушу штодзень, каб выканаць клясычную кампазыцыю працягласьцю 3–5 хвілін. Верагодна, апоўдні.

«У гэты час гараджане больш схільныя да глыбокіх перажываньняў», — мяркуе музыка. Сапраўды, а 12-й у віцебскім цэнтры ціха. Кавярні і рэстарацыі ўзмацняюць гук бліжэй да канца працоўнага дня. Мэлёдыя трубача не павінна супадаць і з царкоўным звонам, які заклікае вернікаў на вечаровае набажэнства.

«З ратушы можа гучаць і труба, і трамбон, і валторна»

Каб спраўдзіць, як ідэя загучыць, Яўген з інструмэнтам падымаецца на ратушу. Для саўндчэку ён абраў харальную прэлюдыю Баха фа мінор.

«Адна справа — граць дома на радасьць суседзям, другая — перад публікай, трэцяя — на вольным паветры. Трубіць з вышыні — увогуле асобная гісторыя», — усьміхаецца Яўген. Сцэнічны вопыт у яго багаты.

Займацца музыкай яго заахвоціла дзяўчынка з футаралам, на якую хлопчыкам глядзеў праз плот дзіцячага садка. У бацькі быў баян, і гэта вызначыла выбар інструмэнта. На трамбоне Яўген грае ад чацьвёртае клясы — тады ён пачаў займацца ў духавым аркестры. Пасьля быў віцебскі музычны каледж імя Салерцінскага, сталічныя кансэрваторыя і музычны тэатар, вяртаньне ў Віцебск, удзел у кабарэ-бэндзе «Серебряная свадьба» і аўтарскія праекты.

«Дзе толькі не пабываў гэты трамбон, — Яўген узгадвае доўгія гастролі па Эўропе і Злучаных Штатах. — Хаця здараліся канцэрты на дахах, але з роўнай пляцоўкай і крытай сцэнай. Візуальна ты на даху, а адчуваньня вышыні няма».

Яўген з асьцярожнасьцю пазірае за парэнчы. Вышыня ратушы — больш за сорак мэтраў.

Трамбон, які Яўген трымае ў руках, розьніцца сваім тэмбрам ад трубы, але на сутнасьць праекту гэта не ўплывае.

«Мне хочацца, каб на ратушы гралі духавікі-меднікі. З ратушы можа гучаць і труба, і трамбон, і валторна, і барытон, і тэнар — любы медны духавы інструмэнт будзе цудоўна глядзецца на вежы», — удакладняе музыка. Каб не заблытацца, ён прапануе вобраз трубача над горадам.

«Гэта своеасаблівае дабраслаўленьне гораду»

Акрамя харальнай прэлюдыі, у рэпэртуары праекту яшчэ дзьве кампазыцыі: сумесны твор Ягана Сэбастыяна Баха і Шарля Гуно Ave Maria, а таксама Ave Maria гітарыста і лютніста Ўладзіміра Вавілава. Зь цягам часу Яўген мае намер пашыраць рэпэртуар блізкай па духу музыкай.

«Гэта своеасаблівае дабраслаўленьне гораду. Пажаданьне жыць далей і рухацца наперад. Ня хочацца, каб музыка была сучасная ці вясёлая», — тлумачыць Яўген, які падбіраў кампазыцыі па эмацыйных парамэтрах.

Абраную музыку Яўген называе боскай. Граць яе трубач стане ў штодзённым адзеньні. «Я схіляюся да простага вобразу. Галоўнае — тое, што перадаецца музыкай, — разважае Яўген і ўзгадвае Брэйгеля, палотны якога носяць гучныя назвы, аднак паказваюць бытавыя сюжэты. — Вось ідзе звычайны чалавек, заходзіць у ратушу, паднімаецца на вежу, грае дзьве хвіліны, хавае інструмэнт і ідзе далей па сваіх справах».

«Музыка Баха добра гучыць на духавых інструмэнтах»

Дзьве кампазыцыі з трох належаць Баху. На думку Яўгена, духавы інструмэнт лепш, чым любы іншы, здольны перадаць ягоную музыку. «Ён — як голас, — параўноўвае трамбаніст. — Збольшага Бах пісаў для аргана, а духавыя вельмі роднасныя яму. У духавым інструмэнце гук можна весьці адной нотай. У творах Баха гэта вельмі важна».

Якую з кампазыцый выконваць, музыка будзе вырашаць самастойна.

«Я хачу захаваць момант непрадказальнасьці. Каб людзі дакладна ведалі час, калі на ратушу выходзіць трубач, але ніколі не здагадваліся, што ён будзе граць», — тлумачыць Яўген.

Выканаўца таксама пакідае за сабой права вырашаць, на якім баку вежы стаяць. З абʼектыўных прычын. Квадратная па форме аглядная пляцоўка адкрытая вятрам. У цэнтры яе ўзвышаецца ратонда, збудаваная ў 1833 годзе на патрэбу пажарных. І цяпер некаторыя віцябляне працягваюць называць ратушу каланчой.

«Вецер — заўсёдная праблема для духавікоў, — кажа Яўген. — Трэба моцна дзьмуць, а гэта робіць дыханьне цяжэйшым. Супраць ветру трубач пэўна ня будзе стаяць. Але на ратушы ёсьць магчымасьць стаць за ратондай». Яўген разглядае сытуацыю як дадатковы стымул абыйсьці помнік архітэктуры. Першы раз ён зайграў у бок князя Альгерда.

Іншая справа — дождж. Найбольш верагодна, трубач тады ўвогуле ня будзе выходзіць на вежу.

«Пажадана, каб усе інструмэнты гучалі жыўцом»

Трубе на віцебскай ратушы будзе акампаніраваць раяль.

«Пакуль мяне хвалюе той момант, што акампанэмэнт гучыць у запісе, — прызнаецца Яўген. Для тэсту яму акампаніравала выкладчыца музычнага каледжу імя Салерцінскага Ірына Яфімава. Ад свайго канцэртмайстра Яўген калісьці атрымаў агульнае разуменьне і адчуваньне музыкі. Цяпер яна падтрымала былога вучня ў праекце. — Пажадана, каб усе інструмэнты гучалі жыўцом, але я разумею, што раяль на ратушу не зацягнуць».

Каб зьдзейсьніць задуманае, не абысьціся без апаратуры. Гэта першая складанасьць праекту. Трэба набыць гукаўзмацняльныя прыстасаваньні, а таксама вырашыць, дзе іх захоўваць.

Каб выйсьці ў тэставым рэжыме, апаратуру і гукаапэратара Яўгену пазычылі добразычліўцы. Для праекту важна прафэсійна наладзіць гук, каб акампанэмэнт не дамінаваў, не прымушаў іграць гучна.

«Музыка асаблівая, — удакладняе Яўген. — Месцамі яна павінна гучаць ціха».

Ва ўсякім разе, прэлюдыю фа мінор пачулі — празь Віцьбу і сьцены — акторы тэатру «Лялька», што на супрацьлеглым беразе ракі. Але перадусім трэба, каб было чуваць на колішняй Ратушнай плошчы. Калёнкі зробяць гучаньне аднолькавым на ўсе чатыры бакі сьвету.

Від з ратушы на стары горад

«Істотна, каб ахвочыя не баяліся вышыні»

Першы час Яўген плянуе падымацца на ратушу сам. Аднак, прызнаецца музыка, увесь праект цягнуць аднаму не па сілах.

«У Віцебску складана знайсьці добрага духавіка на кожны дзень, — кажа Яўген. — Я падабраў музыку, якую нельга граць непадрыхтаваным. Інакш гэта можа выглядаць правінцыйна і нашкодзіць гораду».

Умовы ўдзелу ў праекце яшчэ на стадыі абмеркаваньня. Ідэальнай падаецца магчымасьць уключыць стаўку духавіка ў музэйны штат, але пакуль музэй дазваляе толькі выкарыстоўваць пляцоўку. Істотна, каб ахвочыя не баяліся вышыні.

«У нас не было гісторыі з гэйналам, але гэта не замінае ствараць новыя традыцыі»

Ідэя трубача над горадам у Яўгена зьявілася даўно. Яна ня новая, усьведамляе музыка, якога калісьці натхніла гісторыя кракаўскага гарніста. «У нас не было гісторыі з гэйналам, але гэта не замінае ствараць новыя традыцыі, — упэўнены ён.

У розныя часы віцебская ратуша гучала па-рознаму. Да рэвалюцыі на вежы, якая была каланчой, віселі пажарныя званы. Усталяваны пазьней гадзіньнік біў кожныя паўгадзіны. У 1974 годзе апоўдні з ратушы гучалі першыя радкі прыпеву песьні Ўладзімера Алоўнікава і Алеся Бачылы «Радзіма мая дарагая». Старыя дынамікі тых часоў захаваліся. З абрэзанымі правадамі цяпер іх паказваюць ў якасьці экспанатаў. Яўген разглядае магчымасьць замяніць іх мініятурнымі стацыянарнымі калёнкамі. Тыя дазволяць ня толькі зьдзейсьніць уласную ідэю, але таксама аднавіць гадзіньнікавы бой або гучаньне вядомай песьні беларускіх аўтараў.

Летам на балькон ратушы выходзіць скрыпачка, каб выканаць папуры з францускіх, яўрэйскіх і беларускіх мэлёдый. Гэты праект збольшага разьлічаны на турыстаў.

Ідэя Яўгена не прывязаная да ранейшых гукаў ратушы. «Я прапаную трубача над горадам — гэта іншы маштаб», — упэўнены ён. Перадусім Яўген робіць гэта для гораду, дзе жыве і які часова пакідаў для вучобы, рэпэтыцый, гастроляў і творчых праектаў.

«Спадзяюся, гэта стане адметнасьцю, цікавай і гараджанам, і турыстам», — Яўген не хавае, што мае ў запасе не адзін праект для культурнага і турыстычнага разьвіцьця гораду.

«Добра было б распачаць у Віцебску такую традыцыю, — кажа на разьвітаньне Яўген, задаволены экспэрымэнтам. — Граць над горадам, стаяць на вышыні і трансьляваць прыгажосьць са свайго інструмэнта — пачуцьці незабыўныя».

Застаецца ўзгадніць ідэю з гарадзкімі ўладамі. І, верагодна, трубач зайграе на ратушы ўжо гэтым летам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Меч Брачыслава: як у Браславе прайшоў фэстываль сярэднявечнай культуры. ФОТА