20 фактаў пра настаўніка Шагала Юдаля Пэна, які скардзіўся на хамскае абыходжаньне Масквы

Юдаль Пэн, карціна «Сьняданак. Аўтапартрэт» (фрагмэнт). 1932 год

Настаўнік розных і творча непадобных вучняў — Марка Шагала, Заіра Азгура, Восіпа Цадкіна. Таленавіты жывапісец, які апяваў местачковае габрэйскае жыцьцё. Чалавек, які ня здрадзіў творчым прынцыпам у часы лютага сацрэалізму і якога больш цанілі за мяжой, чым на радзіме. 5 чэрвеня спаўняецца 165 год з дня нараджэньня Юдаля Пэна.

1. Яго ня раз білі родныя за тое, што ён малюе

«...Яшчэ ў раньнім дзяцінстве Пэн праявіў вялікую цягу да маляваньня, але ня толькі не сустрэў з боку ўдавы-маці (бацька рана памёр) і родных заахвочваньня да гэтай схільнасьці, але яшчэ і падвяргаўся нараканьням, а часам і біцьцю за богапраціўнае маляваньне...»[1].

Юдаль Пэн. «Балаголы». 1910-я гг.

2. Яго самы першы дзіцячы мастацкі твор — скульптура старазапаветнага антысэміта Гамана

Юдаль Пэн. «Кравец». 1926 год

«Маленькім хлопчыкам, працуючы ў хедэры, Юры Майсеевіч выявіў свой нахіл да рысаваньня. Спачатку ён захапіўся разьбою і выразаў з дрэва слуп, а з знойдзенага кавалка мармуру — фігуру Гамана зь яго дзецьмі на шыбеніцы, за што меў вымову ад рэбэ, які лічыў гэта богапраціўным заняткам. Пасьля гэтай вымовы хлопчык перастаў выразаць і пачаў рысаваць»[1].

3. Яго першы твор, які карыстаўся папулярнасьцю, — карыкатура на дачку рэбэ

«Зацікаўленасьць да рысаваньня ў хлопчыка была выклікана росьпісам сьценаў сынагогі. Пачаткам рысаваньня была карыкатура на маленькую дачку рэбэ, што крыўдзіла хлопчыка. Гэты рысунак выклікаў сьмех і пахвалу таварышоў»[1].

Юдаль Пэн. «Домік з козачкай». Першая палова 1920-х

4. У дзяцінстве скраў у п’янага жаўнера каляровыя алоўкі, бо ня мог набыць іх

Юдаль Пэн. «Шавец-камсамолец». 1925 год

«Твары ён рысаваў у профіль. Каб надаць рысункам сякую-такую жыцьцёвасьць, патрэбен быў хоць бы чырвона-сіні аловак, але на яго не было патрэбных пяці капеек. Адзін раз, убачыўшы ў аднаго п’янага салдата такі аловак, хлопчык хадзіў за салдатам да таго часу, пакуль аловак ня выкінуўся і не дастаўся яму. Цяперака хлопчык афарбоўваў шчокі і губы чырвоным колерам, а вочы — сінім. Гэтыя рысункі ахвотна куплялі яго таварышы, плацячы гузікамі, якія потым пераводзіліся ў грошы»[1].

5. Яго першы настаўнік маляваньня — просты маляр — адгаворваў Пэна быць мастаком

Юдаль Пэн. «Аўтапартрэт». 1880-я гг. (?)

«...вялікая страсьць хлопчыка да мастацтва прывяла да таго, што маці ўрэшце аддала яго да маляра ў Дзьвінск. Маляр гэты, па словах Пэна, быў яшчэ большым ненавісьнікам мастацтва, чым сямейнікі...»[2];

«Цягу хлапца да рысаваньня [маляр] ня толькі не падтрымліваў, але ўсяляк стараўся выкараніць, даводзячы, наколькі бедна і дрэнна жывуць мастакі...»[1].

6. Ня здолеў адразу паступіць у Пецярбурскую акадэмію мастацтваў, бо кепска ведаў расейскую мову і літаратуру

«Па парадзе Б. Гіршовіча (студэнт-мастак зь Пецярбургу. — РС) паехаў у 1879 годзе ў Пецярбург для паступленьня ў Акадэмію мастацтваў. Спроба аказалася няўдалай з-за правалу па іспыце па расейскай мове і літаратуры»[3].

Юдаль Пэн. «Курган». 1920-я—1930-я гг.

7. Яго творы набывалі ў Парыжы вядомыя калекцыянэры

«...Пэн некалькі разоў выстаўляў свае творы... на выставах „незалежных“. На выставе ў „Салёне“ 1907 г., у Парыжы дзьве карціны Пэна („Стары рабін“ і „Дзяўчына ў белым“) былі набытыя вядомымі калекцыянэрамі Жакобам і Карнеем»[4].

8. Да рэвалюцыі яго вінавацілі ў імкненьні «дагадзіць» публіцы

Юдаль Пэн. «Партрэт Л. Л. Кон у дзяцінстве». 1903 год

«На жаль... у некаторых партрэтах Пэна ёсьць злавесныя сымптомы, на якіх мы лічым сваім абавязкам спыніцца. Мы гаворым... пра імкненьне мастака „дагадзіць“ публіцы, заказчыку, хаця б нават цаною мастацкай праўды. /.../ Характэрны ў гэтым непажаданым сэнсе... зроблены пастэльлю партрэт М.В. Левашовай, павешаны мастаком на самым бачным месцы ў самым цэнтры... і да таго ж самы меншы па памерах...»[5].

9. Быў настаўнікам знакамітых у будучыні мастакоў, якія зрабілі кар’еру ў Эўропе

Юдаль Пэн. «Партрэт Язэпа Туржанскага». 1919 год (?)

«Доўгія гады ў Віцебску Ю.М. Пэн быў адзіным сур’ёзным і ўмелым мастаком. /.../ менавіта ў Пэна пачалі сваю работу Марк Шагал,...скульптар Цадкін,...таленавіты графік Юдовін, адзін з будаўнікоў помніка 3-га Інтэрнацыянала Меерсон, скульптар Якерсон... Дастаткова ведаць, зь якім добрым цёплым пачуцьцём успамінаюць былыя вучні Пэна пра пачатак сваёй працы ў яго, і, нарэшце, дастаткова прыгадаць, што да заснаваньня Віцебскіх дзяржаўных мастацкіх майстэрняў у 1918 г. майстэрня Пэна была адзіным месцам мастацкай асьветы ва ўсёй губэрні...»[6].

10. Марк Шагал намаўляў Пэна напісаць аўтабіяграфію, якую плянаваў выдаць у Бэрліне

Юдаль Пэн. «Партрэт Марка Шагала». Сярэдзіна 1910-х

«Бэрлін 8 ліпеня 1922 г. /.../ Даю Вам ідэю: як бы Вы ні глядзелі на сябе, гэта не павінна Вам замінаць пачаць спакойна пісаць пра сваё жыцьцё з моманту нараджэньня Вашага да апошніх дзён. Вы зможаце гэта мне перадаць, а я вазьму на сябе перадачу выдаўцу... Матэрыяльны бок будзе за Вамі забясьпечаны. Жыцьцё чалавека ўвогуле цікавае, тым больш, што ён — адзін зь першых габрэяў-мастакоў, якія працавалі на ніве асьветы і г.д. Ва ўсялякім выпадку, я на Вас стыхійна зьвярнуў увагу Эўропы... Ну дык, дарагі, працуйце і займіцеся шчыра і сур’ёзна Вашай аўтабіяграфіяй»[7].

11. Сталінскія маскоўскія мастацтвазнаўцы лічылі Пэна і Шагала... ідэйна роднаснымі

Юдаль Пэн. «Аўтапартрэт у саламяным капелюшы». 1906 год

«Пры бліжэйшым разглядзе можна адшукаць блізкую ідэйную роднаснасьць... прац Пэна з палотнамі яго вучня Марка Шагала, нягледзячы на яўную супрацьлегласьць творчых прыёмаў гэтых мастакоў.

Шагал узяў у Пэна ідэалізацыю местачковага яўрэйскага побыту і мадэрнізаваў гэтую тэматыку ў духу „левых“ экспрэсіяністычных творчых прыёмаў»[8].

12. Яго дакаралі, што не захапляецца сацыялістычным будаўніцтвам, і былі абураныя, як Пэн намаляваў Леніна

Юдаль Пэн. «Стары зь пяром». 1885 год

«...наш народны мастак не адбівае ў сваёй творчасьці патасу сучаснай эпохі. Вялікая будоўля сацыялізму, выпрастаныя сьпіны, творчы агонь у вачох, радасьць узрастаючага сацыялізму... новы быт не знайшлі патрэбнай адлюстроўкі ў творчасьці нашага вялікага мастака»[9]. «...Ніводная праца Пэна не выяўляе савецкага будаўніцтва. У той час, як будаўніцтва Беларусі ідзе буйным тэмпам...»[10].

«Зараз Пэн піша карціну, на якой Ленін вызваляе Расею з-пад прыгону самадзяржаўя. Расея выяўлена ім у выглядзе дзяўчыны, захутанай у хустку — трохкаляровы сьцяг. Дзяўчына прыціснулася да гнілога дрэва, якое сымбалічна выяўляе капіталістычны лад. Ленін прыпадымае з вачэй дзяўчыны гэтую хустку і паказвае рукой на ўзыход сонца. У гэтай карціне імкненьне мастака пераадолець абмежаванасьць натуралістычнага выяўленьня рэчаіснасьці — у мэтах стварэньня абагуленага сынтэтычнага вобразу — шляхам сымбалічнай (і даволі пошлай) трактоўкі аб’ектаў, якія ён выяўляе на палатне, прыводзіць да глыбока памылковага разуменьня характару і значнасьці ўдзелу У.І. Леніна ў барацьбе супраць капіталістычнай Расеі»[8].

13. Скардзіўся віцебскаму пракурору на хамскае да сябе стаўленьне Масквы

У лісьце, напісаным не раней за 13 студзеня 1928 г., чытаем: «...лічу патрэбным паведаміць, што выставачны камітэт адносіцца да маіх карцін вельмі неахайна, так, напрыклад, карціна „Сват“ прадзіраўлена ў некалькіх месцах, іншыя карціны атрымаліся са зламанымі рамамі, шклом...»[3].

Юдаль Пэн. «Дарога». 1920-я—1930-я гг.

14. Маляваў аголеных дзяўчат, чые выявы захоўваў у асобным пакоі

«Сьцены невялікага пакоя з адным вакном займалі „карціны аголеных жаночых фігур“. Трапіць сюды марылі многія... Асабліва ўдачлівыя траплялі і сюды. Так, 4 першакурсьнікі вучэльні ў верасьні 1936 г. прыйшлі да Пэна. Яны засталі мастака за цяжкой працай — ён пераносіў дровы з калідора ў пакой. Хлопцы дапамаглі, за гэта мастак паказаў ім карціны з аголенымі жанчынамі»[3]; «...прадметы маёй любові нязьменныя — прыгажосьць, музыка і... цудоўныя паненкі, якімі я любуюся»[11]; «Ні адна прыгожая паненка гораду не дасягала дваццатай вясны без таго, каб Пэн не запрасіў яе пазіраваць... Калі магчыма да грудзей — тым лепш»[12].

Юдаль Пэн. «Натуршчык». 1883-1884 гг.

15. За савецкім часам жыў у вельмі кепскіх умовах

Юдаль Пэн. «Стары шавец». Першая палова 1910-х

«Дзяўчына, зь якой я хадзіў аглядаць майстэрню мастака Пэна... прамовіла з прыкрасьцю: — Я... расчараваная тым, што наведала Пэна. Я заўсёды ўяўляла сабе, што мастакі жывуць у шыкоўных кватэрах, а пабачыла зусім іншае...

І сапраўды, калі вы зойдзеце ў майстэрню, дакладней, у кватэру Пэна, то вас уразіць... тая сьціпласьць, тая цяснота і тая фізычная немагчымасьць працаваць, у якой жыве і працуе гэты таленавіты мастак. /.../ У 3-х маленькіх брудных цёмных каморках зьмяшчаюцца раскіданыя па падлозе, пакрытыя тоўстым слоем пылу, адна на другой 1000 карцін! /.../ З... болем слухаеш, як гэты вядомы мастак расказваў, колькі разоў ён хадзіў у Камгас адносна кватэры і колькі разоў ад яго адчэпліваліся... абяцанкамі»[13].

16. Авангарднае мастацтва параўноўваў з мутнай вясеньняй вадой

«Модныя плыні ў мастацтве Пэн лічыць выпадковымі і нядоўгачасовымі. Ён раўнуе іх з мутнаю вясеньняю вадою, якая будзе зьнесена. Прыхільнікі новых ідэяў у мастацтве лічаць Пэна адсталым мастаком»[1].

Юдаль Пэн. «Гадзіньшчык». 1914 год (?)

17. Пэна больш шанавалі ў Эўропе, чым у Беларусі

«Хто ведае, напрыклад, што мастак Пэн атрымоўвае прапановы з Бэрліну і Вены аб перасылцы сваіх карцін для выстаўкі, дзе яны пакажуць цэлую эпоху яўрэйскага быту? Пэна просяць прыехаць у Нямеччыну, пра Пэна пішуць манаграфіі ў Амэрыцы — і Пэна зусім недастаткова ведаюць у нас на Беларусі»[9].

Юдаль Пэн. «Купаньне каня». 1910-я гг.

18. У 80 год марыў ажаніцца зь юнай красуняй

Юдаль Пэн. «Аўтапартрэт». 1922 год

«Адным са спосабаў вырашэньня пабытовых праблем Ю.М. Пэна родзічы бачылі жаніцьбу. Сам мастак з 1936 г. стаў гаварыць аб сваім намеры ажаніцца. Лея Файнштэйн прапаноўвала ўзяць жонкай... нейкую Хаю Бейлю Рымэр. Ёй не было дзе жыць, і Лея прасіла брата прапісаць да сябе Рымэр, каб тая дапамагала яму па гаспадарцы. Але для 81-гадовага мастака 50-гадовая нявеста была занадта старая. Рымэр таксама не згаджалася выходзіць замуж, „бо Пэн скупы і ў яго брудна“. /.../ Сам мастак казаў, што можа купіць сабе жонку. Па словах сьведак, ён прапаноўваў юнай Нэсе Файнштэйн жыць зь ім. Яе маці, Лея Файнштэйн, настойвала на тым, каб дачка выходзіла замуж: мастак „купіць, што табе будзе патрэбна, і ты будзеш добра жыць, ня бойся яго, ён табе нічога кепскага ня зробіць“. Але сама Нэха адмовілася ад шлюбу»[3].

19. У пад’езьдзе ягонага дома паміралі бежанцы-ўкраінцы

«...у пад’езьдзе заўсёды было цёпла, і гэта прыцягвала бежанцаў з Украіны, якія ратаваліся ад голаду 1932–1933 гг. Па ўспамінах сучасьнікаў, яны прасілі міласьціну, начавалі ў пад’езьдзе, часам нават у ім паміралі. Рана раніцай міліцыя езьдзіла і зьбірала мерцьвякоў»[3].

Юдаль Пэн. «Купаньне на Віцьбе». 1908 год

20. Яго трагічнае забойства і па сёньняшні дзень не раскрытае

Сьледчага, які сумняваўся ў афіцыйнай вэрсіі — знайшлі мёртвым.

«...зьверскае забойства 83-гадовага мастака адбылося ў ноч з 28 лютага на 1 сакавіка 1937 года... Старога шэсьць разоў ударылі сякеркай, а пасьля перарэзалі горла»[14]; «Злачынцаў, хутчэй за ўсё, было двое: адзін аглушыў ахвяру сякеркай... а другі — дабіў. Мастак супраціўляўся: пра гэта сьведчаць прыжыцьцёвыя парэзы на шчацэ і скуле. Сьмяротнай аказалася рана на шыі»[15];

Юдаль Пэн. «Партрэт невядомага». 1917 год

«Сьледзтва ўстанавіла, што на злачынства іх (родзічаў Пэна. — РС) падштурхнула жаданьне мастака аддаць у спадчыну свае карціны гораду, а не сям’і. Арыштавалі ўсю сям’ю з 9 чалавек, яны памерлі ў лягерах. Але менскі сьледчы, які прыехаў засьведчыць заключэньне, сумняваўся ў іх вінаватасьці. Ён даведаўся, што пасьля забойства зьнік партрэт былога вучня Пэна і адзін аголены партрэт. Ёсьць вэрсія, што на ім была выяўлена жонка камісара, што зьнішчыла б яго кар’еру. Па вэрсіі сьледчага, абвінавачаньне родзічаў было выгадна гораду, так як у такім выпадку карціны пераходзілі ў муніцыпальнае ўладаньне... Сваё сьледзтва ён ня скончыў, яго выклікалі назад у Менск, а празь некалькі дзён знайшлі з прастрэленай галавой сваім жа пісталетам...»[16].

Аўтар выказвае вялікую падзяку супрацоўніцы Нацыянальнага мастацкага музэю Рэспублікі Беларусь Вользе Архіпавай за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Сьпіс выкарыстанай літаратуры:

  1. Да 25-годзьдзя працы Ю.М. Пэна на Віцебшчыне (З матар’ялаў у слоўнік дзеячоў Віцебшчыны) // Заря Запада (Витебск). 1926. № 178. 5 жніўня.
  2. С. Ан-ский. Ю.М. Пэн // Новый Восход (Петербург). 1912. № 38).
  3. Сьвятлана Мясаедава. «Справа аб забойстве Юрыя Маісеевіча Пэна» як крыніца дасьледваньня побыту мастака ў апошнія гады жыцьця / Ю.М. Пэн у прыжыцьцёвых публікацыях і дакументах Дзяржаўнага архіву Віцебскай вобласьці. Віцебск, 2017.
  4. С. Ан-ский. Пэн, Юрий Моисеевич. / Еврейская энциклопедия. Т. 13. СПб., 1913.
  5. Г. Эфрон. Витебская художественная выставка // Витебские губернские ведомости. 1899. № 259. 14 (26) ноября; № 262. 18 (30) ноября.
  6. Ромм А. Ю.М. Пэн (до 25-летия его художественной деятельности в Витебске) // Искусство (Витебск). 1921. № 4–6. Июнь-август.
  7. Ліст Марка Шагала Ю.М. Пэну // Отклики (Віцебск). 1922. № 13. 24 июля.
  8. Б. Никифоров. По мастерским художников Белоруссии // Искусство (Москва-Ленинград). 1934. № 3.
  9. А.М. Пэўзнэр. Аб творчасьці народнага мастака Ю.М. Пэна // Маладняк (Менск). 1930. № 8–9.
  10. В.С. Выставка белорусских художников // За пролетарское искусство (Москва). 1931. № 2.
  11. Эвт. Як жыве і працуе Ю.М. Пэн // Отклики (Витебск). 1922. № 11. 10 ліпеня.
  12. Марк Шагал. Мае першыя настаўнікі. І. Пэн // Рассвет (Париж). 1927. № 4.
  13. Давід Штэйн. У художника Пэна // Заря Запада (Витебск). 1926. № 240. 17 кастрычніка.
  14. «Пэна убил левша-профессионал». В Витебске пишут историю местной милиции
  15. Кто все-таки убил Пэна? Малоизвестные факты о громком преступлении в Витебске
  16. За что убили Юделя Пэна?