Незвычайная Гануля. Беларускамоўная дзяўчынка з ДЦП шукае аднаклясьнікаў

Яна любіць кнігі пра Маму Му, яе мама «можа ўсё», а тата — круты астраном.

«У нас дачушка беларускамоўная, хочам адшукаць клясу зь беларускай мовай», — кажа бацька Віктар Малышчыц. У сям’і Віктара і Насты гадуюцца тры дзяўчынкі: Ганулі — 9,5, Адэльцы — 5,5 і найменшай Юстынцы — 2,5 годзікі. Неўзабаве чакаюць і чацьвёртае дзіця.

Сям'я Віктара і Насты Малышчыц, зьлева направа: дочкі Адэля, Ганна, Юстына

«Ці мы адны такія?»

Гануля беларускамоўная і мае патрэбу ў навучаньні паводле адмысловых праграмаў праз здароўе. Дыягназ — дзіцячы цэрэбральны параліч і лёгкая інтэлектуальная недастатковасьць. У школе паблізу, кажа Віктар, яны ўжо ўвосень могуць пайсьці ў інклюзіўную клясу з праграмай другога году навучаньня. Але вучыцца давядзецца па-расейску.

Малышчыцы спадзяюцца знайсьці яшчэ 2-3 беларускамоўных дзетак з падобнымі дыягназамі, як у дачкі. І разам скласьці асаблівую беларускамоўную клясу.

Ганна Малышчыц

«Калі яшчэ школьную беларускамоўную адукацыю можна неяк атрымаць, хоць і з праблемамі, — распавядае Віктар, — то спэцыяльную адукацыю проста немагчыма адшукаць. Адчуваньне, што мы адны такія».

Распачаць пошукі Віктар вырашыў са свайго фэйсбуку. Ён папулярны выкладчык астраноміі і вядомы фатограф. Калі вам трапляліся захапляльныя фота беларускай прыроды і зорнага неба, найверагодней, іх зрабіў Віктар. Таму і падпісчыкаў у яго хапае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ТОП-5 мясьцінаў Беларусі, дзе найлепей радавацца зоркам

«Я зьдзівіўся, як шмат людзей адгукнулася рэпостамі, словамі падтрымкі. Можа, што і атрымаецца, — спадзяецца Віктар. — Людзі зьвярталіся з рознымі парадамі, падказвалі кантакты бацькоў, якія хочуць пайсьці ў такую клясу з расейскай мовай навучаньня».

Якую клясу ствараюць

«Калі мы хадзілі на спэцыяльную камісію, то з намі адразу перайшлі на беларускую мову, падказалі праграмы, якія ёсьць, падручнікі. Я быў прыемна зьдзіўлены гэтым» — расказвае Віктар. Але аднаклясьнікаў для дачкі ўсё ж давядзецца шукаць.

У гэтай клясе будзе працаваць дэфэктоляг, які можа выкладаць па-беларуску, тлумачыць Віктар. Вялікай праблемы ў гэтым ён ня бачыць: дэфэктоляг у іхнай раённай школе па-беларуску якраз гаворыць.

Віктар з дачкой Ганнай

Малышчыцаў палохаюць адсутнасьцю падручнікаў і адмысловых праграм. Але і гэта яны гатовыя пераадолець.

«Ня толькі для Ганны, але і для іншых асаблівых дзетак няма беларускамоўных падручнікаў. Ці вы бачылі, напрыклад, падручнікі шрыфтам Брайля па-беларуску? — тлумачыць Віктар. — Але хаця б старыя, з 90-х гадоў, але падручнікі мы адшукалі».

Віктар Малышчыц выкладае астраномію ў Ліцэі БДУ. Але думае над тым, каб адмовіцца ад настаўніцкай працы, бо Ганульцы трэба будзе дапамога ў школе, а Насьці зь немаўлём, якога чакаюць неўзабаве, і дзьвюма старэйшымі дзяўчынкамі будзе вельмі цяжка.

«Шкада будзе. Мне вельмі падабаецца выкладаць. Дзеці там цудоўныя, прыходжу на ўрокі, як на сьвята», — кажа Віктар.

Віктар з Адэляй і Юстынай

Гануля чытае, перакладае, вучыць ангельскую мову

«Анюта вельмі любіць усё, што зьвязана з мовамі, тэкстамі. Навучылася асобныя словы чытаць яшчэ ў пяць гадоў, — расказвае пра дачку Віктар. — З расейскай на беларускую яна можа аўтаматычна перакладаць. Калі лягапэды ёй давалі тэкст па-расейску, яна ім сходу чытала па-беларуску».

Папярэдні год Гануля займалася дома з настаўніцай. Разам яны засвоілі праграму першай клясы. Цяпер дзяўчынка захопленая вывучэньнем ангельскай мовы.

«Сама піша вельмі пісьменна, — хваліцца Віктар посьпехамі дачкі. — Мы ж ведаем, якія ў першай клясе грамацеі, але ў яе зь пісьменнасьцю выдатна. Але я ж ня буду сьцьвярджаць, што яна звычайная дзяўчынка. Ёсьць адставаньне ў іншым».

«Яна шмат чым цікавіцца, — распавядае Наста. — Гэта не адразу атрымалася, бо нам спачатку ніхто не падказаў, што такія дзеці больш любяць камунікаваць з жывёламі, ім трэба менш мультыкаў-фільмаў, цукерак. Мы доўга шукалі яе любімае ва ўсім. У яе ёсьць асаблівасьці ў маўленьні і ў паводзінах, але калі пра іх даведацца, то зь ёю надзвычай цікава быць разам».

Наста з дочкамі Юстынай і Ганнай

Анюта любіць жывёлаў і ўжо некалькі гадоў займаецца іпатэрапіяй — гэта лячэбная конная язда. Яшчэ Анюта вельмі любіць казкі, гісторыі, і асабліва гісторыі пра Маму Му.

«Наш улюбёны занятак — сесьці ўвечары за кампутар, — кажа Віктар. — я пішу тэкст, як прайшоў наш дзень, а яна чытае. Вельмі гэта любім».

Гануля хоча ў школу

«Анюце нашмат цікавей у школе, — кажа Віктар. — Школа дысцыплінуе, дома яна можа трошкі паленавацца займацца. Нам патрэбны сябры. А яшчэ яна ў сталовую школьную вельмі любіць хадзіць. Нават у ліцэі заўжды мы зь ёю ў сталовую ідзём».

«Нам сказалі, у нас моўнай практыкі дома хапае, — дзівіцца Наста. — Мне дзіўна, чаму ў Беларусі беларуская мова мусіць быць толькі дома?».

Малышчыцы расказваюць, як сярэдняя Адэлька «беларусізавала» сваю танцавальную групу, а на іхную беларускую мову амаль усе адказваюць па-беларуску — ад дактароў да кур’ераў дастаўкі піцы.

«Проста людзі баяцца. Баяцца, што на трасянцы будуць размаўляць. А нам чаго баяцца? У нас і так дзіця — інвалід!» — кажа Наста.

Адэля Малышчыц

Такое мусіць быць магчыма ў Беларусі

«Мы навучыліся ісьці супраць плыні, каб Аня разьвівалася, — усьмешка, здаецца, ніколі не пакідае твару Насты. — Гэта мяне моцна загартавала. Я іду з крамы з пакункамі, жыватом і траімі дзецьмі. Калі мне хтосьці штосьці скажа, я брывом не павяду. Мне настолькі фіялетава, я такая ўжо пафігістка да чыёйсьці думкі, апроч Віцевай. Мы свае думкі і прынцыпы адстойваем ва ўсім — у выхаваньні, ежы, сям’і!»

Але ў іх ужо быў ня вельмі прыемны досьвед з адукацыяй Ані, калі два дні пахадзілі ў прыватную школу.

«Першы дзень дзеткі, якія ведалі Аню, дапамагалі ёй прайсьці ў сталовую, саступалі крэсла, пыталіся, як у яе справы, прапаноўвалі нешта зрабіць разам. Але на наступны дзень настаўніца стала рабіць так: „Вы, каторыя з інтэграцыяй, сядзіце ціха, а вось гэтых я вучу“. Перастала падпускаць дзяцей, нават каб мячык разам перакідваць», — шчыра абураецца Наста.

Ганна Малышчыц

«Не дзяцей трэба вучыць, а дарослых!, — кажа яна. — У мяне самы вялікі страх за Аню, што калі мы памром зь Віцем, то ёй ня будзе з кім застацца. Што яна будзе сядзець і пускаць сьліну ў інтэрнаце для інвалідаў. Гэта мой самы вялікі страх. Таму і дзетак шмат нараджаем, таму хочам, каб яна нешта сама навучылася рабіць».

«Я разумею, што кожнай школе такая кляса — гэта лішняя нагрузка. Але іншым дзецям побач з такімі асаблівымі вучыцца — гэта вялізны плюс, — тлумачыць Віктар. — Каб яны бачылі, што ёсьць розныя людзі. І дзеці вельмі добра ставяцца да такіх дзяцей. Праблема хутчэй з дарослымі».

«І галоўная праблема — нас, беларускамоўных, так мала засталося, — кажа Віктар. — Статыстычна мала. Назіраю часта, што беларускамоўныя бацькі дзяцей вучаць па-расейску, кажуць, што ня хочуць іхныя магчымасьці абмяжоўваць. Таму, калі мы ня будзем пладзіцца і размнажацца, нас увогуле хутка ня стане!»

Віктар зь Юстынай