«Мы ня можам весьці справаў з Расеяй, як раней, бо зашмат памянялася», — прэзыдэнтка Эстоніі

Прэзыдэнтка Эстоніі Керсьці Кальюлайд на Данбасе, травень 2018

Прэзыдэнтка Эстоніі Керсьці Кальюлайд у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» разважае пра сваю сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, пра тое, што прэзыдэнт Украіны можа зрабіць для барацьбы з карупцыяй, і пра інтэграцыю расейскаскамоўнага насельніцтва Эстоніі. Прапануем вам пазнаёміцца з фрагмэнтамі размовы.

— Вы нядаўна сустракаліся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Што вы можаце расказаць пра мэты сустрэчы і яе вынікі?

— Я веру ў неабходнасьць зносін і лічу, што менавіта такім чынам гэта зносіны трэба ажыцьцяўляць. Ня думаю, што нам варта пачынаць працэс паўторнага прыёму Расеі ў тыя структуры, адкуль мы фактычна папрасілі яе пайсьці празь непавагу да міжнароднага права. Годнай альтэрнатывай зьяўляецца двухбаковы дыялёг, пры якім мы даносім нашу пазыцыю.

Я была ў Маскве як прэзыдэнтка Эстоніі, а таксама як адзін з прэзыдэнтаў краінаў Эўразьвязу, якія бяруць на сябе цяжкую задачу гаварыць пра Ўкраіну, пра Грузію і пра тыя праблемы, якія, на нашу думку, павінны быць вырашаныя. Чым больш актыўна мы даносім сваю пазыцыю, тым мы мацнейшыя.

Керсьці Кальюлайд і Ўладзімір Пуцін у Крамлі, красавік 2019

З другога боку, Расея — наша суседка, і ў нас ёсьць тэмы для двухбаковага абмеркаваньня. Так, маецца рэжым санкцый, але ў нас таксама ёсьць і культура супрацоўніцтва, і існуе цэлы шэраг эканамічных абласьцей, якія не закранаюцца санкцыямі. Напрыклад, Эстонія пакідае энэргетычную сыстэму БРЭЛЛ (Беларусь, Расія, Эстонія, Латвія, Літва. — РС) і далучаецца да цэнтральнаэўрапейскай сеткі. Гэта эканамічна выгадны праект для Эстоніі. Я змагла сказаць пра ўсё гэта прэзыдэнту Пуціну, і мы ўважліва выслухалі адно аднаго. Я спадзяюся, што паважлівыя зносіны могуць дапамагчы зблізіць нашы пазыцыі.

Я глыбока засмучаная канфліктам ва Украіне. Я адмаўляюся забываць пра тое, што адбылося ў Грузіі ў 2008 годзе. Але немагчыма вырашыць гэтыя праблемы без абмеркаваньня. Я лічу, што дыялёг важны, але не падтрымліваю паўторнага прыёму Расеі ў тыя структуры, якія яна пакінула пасьля пачатку ўкраінскага канфлікту. Мы ня можам весьці справаў у ранейшым ключы, бо занадта шмат памянялася.

— Эстонія ў NATO і Эўразьвязе ўжо 15 гадоў і дасягнула высокага ўзроўню дэмакратычных і эканамічных свабодаў. У Эстоніі вельмі нізкі ўзровень карупцыі. Што б вы маглі параіць іншым постсавецкім краінам, напрыклад новаму прэзыдэнту Ўкраіны Уладзіміру Зяленскаму, інаўгурацыю якога вы наведалі?

— Тое, што я магла б параіць, я паведаміла прэзыдэнту Зяленскаму ў асабістай гутарцы. Па-першае, свабоднае грамадзтва, свабодныя СМІ і свабода слова — найлепшыя існыя інструмэнты для выяўленьня карупцыі. Па-другое, неабходна вяршэнства закону. Патрэбна незалежная сыстэма правасудзьдзя; вельмі важна, каб судовая сыстэма была справядлівай і незалежнай, незалежнай ад усіх відаў уплыву. Бяз гэтага перамагчы карупцыю немагчыма.

— З таго часу, як Эстонія аднавіла сваю незалежнасьць, прайшло амаль 30 гадоў. Як, на ваш погляд, ідуць справы з інтэграцыяй расейскамоўнага насельніцтва Эстоніі?

— Пасьля распаду Савецкага Саюзу людзі апынуліся ў новай дэмакратычнай краіне, якая гарантуе свабоду слова і права голасу, што зьяўляецца звычайнай эўрапейскай практыкай. Людзі ніколі не жылі ва ўмовах дэмакратыі і, магчыма, адзінай дзяржавай, якую яны маглі сабе ўявіць тады, была нейкая эстонская аўтакратыя. Але мы пераканалі гэтых людзей, што мы дэмакратыя, яны гэта бачаць і адчуваюць сябе ў бясьпецы.

Таму ўсё больш маладых людзей хоча быць часткай эстонскага грамадзтва. Моўны бар’ер для маладога пакаленьня не зьяўляецца праблемай. Хутчэй праблемай зьяўляецца тое, што ў нас ёсьць расейскія і эстонскія школы, і гэта падзяляе частку маладога насельніцтва. Я думаю, што ніхто ня рады гэтай сытуацыі. Паколькі расейскамоўная дыяспара невялікая, расейскамоўныя школы не заўсёды разьвіваюцца так сама хутка, як эстонскія, вельмі складана паляпшаць абедзьве школьныя сыстэмы адначасова, і многія сёньня бачаць, што на самой справе ня будзе нічога страшнага ў аб’яднаньні іх у адну сыстэму. Вядома, могуць быць школы, дзе дзеці могуць вывучаць расейскую мову і культуру больш глыбока; такія школы ёсьць у Эўропе і ва ўсім сьвеце.

Антырасейскі пратэст перад амбасадай Расеі ў Таліне супроць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, жнівень 2015

Думаю, што інтэграцыя ў Эстоніі ідзе добра, і на сёньняшні дзень гэты працэс кiруецца ня столькі дзяржавай, колькі самім грамадзтвам, у тым ліку расейскамоўнай меншасьцю — тымі, хто хоча быць часткай Эстоніі.

Мне казалі, асабліва на міжнародных пляцоўках, што расейскамоўная дыяспара павінна падтрымліваць тое, што адбываецца ў Расеі. Але я ня думаю, што чалавек, які гаворыць на якой-небудзь мове, асацыюе сябе з палітычнай сыстэмай гэтай краіны. Ня мова вызначае мысьленьне.

— Наколькі эстонскае грамадзтва гатовае прыняць расей​скамоўнае насельніцтва?

— Многае залежыць ад асабістага вопыту і ўспамінаў. У майго пакаленьня маюцца больш глыбокія раны, я не магу гэта адмаўляць. Але, кажучы пра гэта, мы ў змозе пераадолець гэтыя праблемы. Маладое пакаленьне іншае. Многія расейскамоўныя маладыя людзі лічаць сябе эстонцамі. Яны гавораць на эстонскай мове, а іх роднай мовай застаецца расейская. Вядома, праблемы захоўваюцца, але яны зьяўляюцца не такімі значнымі, як 30 гадоў таму.