«Антысэмітызм нікуды не падзеўся». Як у Берасьці знайшлі і перапахавалі парэшткі ахвяраў гета

Belarus - Reburial of the remains of victims of the Brest ghetto, Brest, 22May2019

Гісторыкі і краязнаўцы перакананыя, што на месцы былога гета могуць знаходзіцца парэшткі яшчэ тысячы ахвяраў.

22 траўня на Паўночных могілках Берасьця, за 6 кілямэтраў ад горада, адбылося ўрачыстае перапахаваньне парэшткаў 1214 чалавек, знойдзеных на месцы былога яўрэйскага гета.

Ва ўрачыстай цырымоніі ўзяў удзел кіраўнік берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук, а таксама прадстаўнікі яўрэйскіх грамадаў гораду, амбасадар Ізраілю, дыпляматы з ЗША, Нямеччыны, Аўстрыі, Польшчы і іншых краін.

Згодна зь яўрэйскай традыцыяй чалавечыя парэшткі перапахавалі разам зь зямлёй, якую прывезьлі на могілкі зь месца знаходкі. Берасьцейскія ўлады абяцаюць паставіць на месцы перапахаваньня памятны знак.

«Яны ведалі, што там ляжаць людзі»

Будаўніцтва жылога комплексу недалёка ад скрыжаваньня вуліцаў Куйбышава і Машэрава ў Берасьці пачалося ў жніўні 2018 году. Забудоўшчыкам стала кампанія «Прыбускі квартал», будучым жыхарам паабяцалі элітнае жыльлё ў 4-павярховых будынках. Кошт квадратнага мэтра дасягаў прыкладна 1600 даляраў — нятанна нават для сталіцы. Цэнтар гораду, побач пешаходная Савецкая і набярэжная Мухаўца.

У канцы восені працы перайшлі ў актыўную фазу, на пляцоўку прыгналі цяжкую тэхніку. У студзені 2019-га пачалі капаць катлаваны. Амаль адразу рабочыя наткнуліся на чалавечыя парэшткі, выклікалі міліцыю. Праваахоўнікі прыехалі, агледзелі косткі, сказалі, што гэта «з вайны, а таму ня наша», і зьехалі. Чалавечых костак тым часам станавілася ўсё больш. Лік пайшоў на сотні.

Месца, дзе былі знойдзеныя парэшткі ахвяр берасьцейскага гета

«Мясцовыя ўлады ведалі, што на гэтых участках могуць быць пахаваньні, — расказвае берасьцейскі гісторык Ірына Лаўроўская. — Першыя парэшткі людзей знайшлі там у 1956 годзе. Даволі вялікая колькасьць — 600 чалавек. У 70-я гады там знаходзілі чалавечыя парэшткі. Год ці паўтара таму выйшла кніга нямецкага дасьледчыка Ганцэра, у якой задакумэнтаваныя падзеі ў Берасьці 1941 году. Там таксама гаворыцца пра расстрэлы. Мяркую, дакумэнты пра гэта павінны быць і ў КДБ. Таму — так, гарадзкія ўлады ведалі пра тое, што гэта за месца».

Лаўроўская, як і іншыя берасьцейцы, даведалася пра знаходку з інтэрнэту. Жыхарка аднаго з суседніх дамоў пабачыла ў вакне, што рабочыя дастаюць з катлавана чалавечыя чарапы, і зьняла гэта на відэа для свайго інстаграма. Навіна хутка разьляцелася па горадзе.

Сытуацыю ўскладняла тое, што будаўнічая пляцоўка — на тэрыторыі ахоўнай зоны. Згодна з пастановай Савету міністраў, ахоўная зона ў Берасьці знаходзіцца ў межах бульвара Касманаўтаў, вуліцы Леніна, лініі чыгункі і ракі Мухавец. Дзяржава на гэтай тэрыторыі ахоўвае ня толькі забудову, але і культурны слой.

Любыя будаўнічыя працы павінны ўзгадняцца з экспэртамі, на месцы будоўлі трэба праводзіць раскопкі. Ці было гэта зроблена кампаніяй «Прыбускі квартал» — дагэтуль невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 чалавек у адной труне. У Берасьці перапахавалі парэшткі больш як тысячы вязьняў гета. ФОТА

«Перад любым будаўніцтвам на тэрыторыі ахоўнай зоны ствараецца праект, у якога ёсьць навуковы кіраўнік, — расказвае Ірына Лаўроўская. — Абавязкова ствараецца гістарычная даведка пра тэрыторыю, на якой разьвіваецца гэты праект. Вось я вельмі хацела б бачыць гэтую гістарычную даведку, што там у ёй прапісана. Тут пытаньне саліднае да парушэньняў працэдуры выдзяленьня ўчастку, вядзеньня ўчастку і далей па пунктах вядзеньня праектных і будаўнічых працаў».

Гісторык стварыла ў інтэрнэце пэтыцыю з заклікам да берасьцейцаў падтрымаць яе ідэю — спыніць будаўніцтва жылога комплексу на месцы былога гета і стварыць там мэмарыяльны парк. Пэтыцыю падпісалі 745 чалавек.

«Я не выступаю супраць новага будаўніцтва ў горадзе, — расказвала Свабодзе Ірына Лаўроўская ў канцы лютага. — Але я катэгарычна супраць таго, што сытуацыя, якая склалася, ігнаруецца. Там каля 1000 чалавек знойдзена. Гэта азначае, што гэта месца знакавай гістарычнай падзеі. Што такое гістарычны горад — гэта сума месцаў, важных для памяці. Вось такім месцам для Берасьця — гэтае месца, дзе горад страціў амаль палову свайго насельніцтва на працягу некалькіх дзён. Гэтая падзея ў нас ніяк не адзначаная».

Будоўля элітнага жыльля на месцы гета спынілася

На думку гісторыка, сымбалічна яшчэ і тое, што знаходка здарылася напярэдадні сьвяткаваньняў 1000-годзьдзя Берасьця. Ірына Лаўроўская лічыць, што былое гета магло б стаць «месцам пакоры» для жыхароў гораду.

«Трэба дасьледаваць усю тэрыторыю гэтага кварталу, тэрыторыю з супрацьлеглага боку, — кажа яна. — Падняць усе дакумэнты, якія ёсьць у КДБ. Трэба спраўдзіць, дзе маглі быць яшчэ такія пахаваньні, правесьці новыя археалягічныя дасьледаваньні. А ў гэтым канкрэтным выпадку адмежаваць нейкую канкрэтную тэрыторыю, якая не павінна забудоўвацца. У знак памяці і ў знак нашай пакоры. Мы ж ня выбачыліся яшчэ за гэта. Мы былі сьведкамі».

«Такое ўяўленьне, што тут ляжаць не берасьцейцы, а нехта чужы»

Максім Хлябец рэдагуе гарадзкое выданьне natatnik.by. Кажа, што ніколі асабліва не ангажаваўся ў грамадзкую дзейнасьць. Тым больш у дзейнасьць яўрэйскіх арганізацый Берасьця. Ці не ўпершыню зрабіў гэта сёлета зімой, калі пачаў займацца гісторыяй са знаходкамі на тэрыторыі былога гета. Кажа, што ўжо амаль шкадуе пра гэта. Маўляў, нікому памяць пра гета ў горадзе асабліва не патрэбная.

«У жніўні 2018 году мы пралезьлі на агароджаную пад будоўлю пляцоўку, рабілі фотарэпартаж адтуль, — расказвае Максім. — Там былі драўляныя дамы, якія потым зруйнавалі. Апублікавалі здымкі, падпісалі, што гэта ўсё на месцы гета знаходзіцца, што там адбываліся расстрэлы. Разумееце, у горадзе ўсе ведаюць пра гэта. Нават нічога асабліва і пісаць ня трэба. Людзі памятаюць, што тут было гета».

Максім Хлябец ля памятнага знака на месцы гета ў Берасьці

Максім паказвае нам два дамы, пабудаваныя на тэрыторыі гета за савецкім часам. Пад адным знайшлі парэшткі 600 чалавек, пад другім — менш, але дакладнай лічбы няма. Побач стаіць невялікі мэмарыяльны знак. Яго паставілі ў 1992 годзе, ужо ў часы незалежнасьці. Папярэднія два, усталяваныя ў 1945-м і ў 70-я, пратрымаліся ўсяго па некалькі гадоў. Дастаецца і новаму. Знак, на якім напісана пра 35 тысяч ахвяр берасьцейскага гета, пэрыядычна размалёўваюць фарбай.

«У горадзе ня ўсе падтрымалі ідэю ўладаў перапахаваць парэшткі ахвяр на Паўночных могілках, — расказвае Максім. — Быў яшчэ варыянт зрабіць гэта на тэрыторыі старых яўрэйскіх могілак, каля стадыёна „Лякаматыў“. Гэта цэнтар гораду, каля вуліцы Пушкінскай. Ад аўтавакзалу 15 хвілін пешшу. Там сапраўдныя яўрэйскія могілкі, яны былі там заўсёды, іх разбурылі толькі ў часы СССР. Цяпер там нічога няма, пустая пляцоўка. Можна чысьціць ад сьмецьця. Там зьбіраюцца зрабіць памятны знак, але пакуль яшчэ не зрабілі».

Па словах Максіма, цяпер стадыён «Лякаматыў» амаль не выкарыстоўваецца, там час ад часу праходзяць заняткі па фізкультуры. Побач таксама пустое месца. Але кіраўніцтва вырашыла, што перапахаваць парэшткі ахвяр прасьцей за дзесяць кілямэтраў ад гораду, на нядаўна створаных сучасных могілках.

«Варыянт з Паўночнымі могілкамі прасьцейшы для ўсіх, — кажа журналіст. — Для яўрэйскіх суполак — таму, што ўлады самі яго прапанавалі і прафінансавалі. Для ўладаў — ня трэба нейкі мэмарыяльны знак пасярод гораду ставіць. Абыякавасьць у жыхароў гораду да гэтай гісторыі. Маўляў, навошта нам ствараць мэмарыял, хай за ўсё яўрэі самі плацяць, гэта ж яўрэі тут пахаваныя. Няма разуменьня таго, што забітыя ў гета яўрэі — гэта такія ж жыхары Берасьця, як і ўсе іншыя. Цяпер проста яўрэяў у горадзе амаль няма, іх ня бачаць. Таму такое разуменьне, што гэта нехта чужы нам. Але ж гэта ня так. У Берасьці да вайны палова насельніцтва былі яўрэямі, калі ня больш».

Максім расказвае, што цяпер у Берасьці жыве прыкладна 400 больш-менш актыўных удзельнікаў чатырох яўрэйскіх суполак. Яшчэ некалькі соцень яўрэяў у дзейнасьці грамады ня ўдзельнічаюць. Адносіны паміж суполкамі таксама няпростыя. Акрамя мэмарыяльнага знаку, на месцы былога гета яшчэ ёсьць невялічкі музэй у падвале звычайнага жылога дому. Там захоўваюцца кавалкі Торы з былой сынагогі. У самой сынагозе па-ранейшаму кінатэатар «Беларусь».

Старшыня берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук падчас перапахаваньня парэштак ахвяр гета на Паўночных могілках

«Калі пачалася гэтая гісторыя, я зьвярнуўся ў Інстытут гісторыі НАН, — расказвае далей пра свае спробы неяк захаваць памяць аб былых вязьнях гета Максім. — Прапанаваў узяць частку парэшткаў на экспэртызу, захаваць іх для аналізу ДНК. Гэта ж усё можна зрабіць было. Мне спачатку адказалі, што — так, вядома, можна і нават трэба. Што грошы маюць для камандзіроўкі сваіх супрацоўнікаў. Я расказаў пра ўсё кіраўніцы адной зь яўрэйскіх грамадаў Берасьця Рэгіне Сіманенцы, яна пайшла ў гарвыканкам, там прапанавала гэта зрабіць. Гарвыканкам пазваніў у НАН, і пасьля мне там нічога, акрамя „я не ўпаўнаважаная з вамі размаўляць“, ужо не гаварылі. Вось так усё і скончылася».

У выніку навуковага дасьледаваньня парэшткаў ахвяр так і не зрабілі. Усе чалавечыя косткі дасталі з катлавана і адвезьлі на тэрыторыю Берасьцейскай крэпасьці, дзе захоўвалі да перапахаваньня ў казэмаце побач з брамай у выглядзе зоркі. Па словах Максіма Хлябца, на тэрыторыі гета маглі быць пахаваныя ня толькі яўрэі, але і мясцовыя беларусы. Даведацца пра гэта цяпер будзе значна складаней.

«Нікому тут гэтая памяць асабліва не патрэбная, — кажа Максім. — Жартачкі гэтыя, усё ж адтуль ідзе. Антысэмітызм нікуды не падзеўся. Вы паглядзіце прэс-канфэрэнцыі з удзелам кіраўніцтва гораду. Яны ж сабе таксама дазваляюць пажартаваць на тэму яўрэйскай крыві, з усьмешкай. Берасьцейцы цяпер лічаць, што гэта нейкая іншая гісторыя, ня нашага гораду. У Берасьцейскай крэпасьці героі, а тут нейкія там яўрэі».

Перапахаваньне парэштак ахвяр берасьцейскага гета на Паўночных могілках 22 траўня 2019 году

​«Ці будзе на месцы перапахаваньня помнік? Добрае пытаньне»

Рэгіна Сіманенка кіруе адной з чатырох берасьцейскіх яўрэйскіх арганізацый — аб’яднаньнем «Брыск». Кажа, што цырымонія перапахаваньня 22 траўня прайшла на высокім узроўні, урачыста, прыгожа і натхнёна.

«Ведаеце, калі яшчэ толькі пачыналіся гэтыя раскопкі, калі была знойдзеная невялікая колькасьць парэшткаў, я зьвярнулася ў гарвыканкам, прапанавала перапахаваць іх на тэрыторыі гета, — кажа Рэгіна Сіманенка. — На месцы, дзе стаіць помнік ахвярам. Але потым парэшткаў станавілася больш і больш. У выніку пахавалі на Паўночных могілках. Другога месца не было. Там жа пахаваныя парэшткі, знойдзеныя на тэрыторыі пятага форта. Вырашылі там перапахаваць. Улады на гэтых могілках выдзелілі месца для яўрэйскіх пахаваньняў. Калі рэалістычна глядзець, то іншага месца не магло быць».

Па словах Рэгіны Сіманенкі, яўрэйскія каноны падчас перапахаваньня былі выкананыя па максымуме. Магілу капалі валянтэры, якія прыляцелі з Ізраілю. Яны ж укладалі туды труны. Сябрам мясцовых суполак гэта зрабіць было б складана фізычна, большасьць зь іх — людзі сталага веку.

«Вы зразумейце — мала ж выказваць свой пункт гледжаньня, — кажа Рэгіна Сіманенка. — Трэба прапанаваць шлях вырашэньня сытуацыі. У нас часта прапаноўваюць нешта. Але толькі прапаноўваюць. Таму вось склалася так, як склалася. Іншага варыянту няма».

Рэгіна Сіманенка кажа, што пакуль дакладна невядома, ці будзе на месцы перапахаваньня на Паўночных могілках усталяваны памятны знак. Па яе словах, пытаньне ўпіраецца ў фінансаваньне. Верагодна, да справы прыцягнуць міжнародныя яўрэйскія арганізацыі, аднак пакуль дамоўленасьцяў наконт гэтага няма.