У ДТЗ з турыстычным аўтобусам у Італіі пацярпела грамадзянка Беларусі

Па дарозе з Флярэнцыі ў Сену перакуліўся аўтобус з турыстамі. Фота: Reuters

У дарожна-транспартным здарэньні з турыстычным аўтобусам, якое адбылося 22 траўня ў Італіі, пацярпела грамадзянка Беларусі. Паводле Міністэрства замежных спраў Беларусі, жанчына атрымала лёгкія траўмы.

Аўтобус зьехаў з дарогі і перакуліўся па дарозе з Флярэнцыі ў Сіену. У аўтобусе было 60 турыстаў з Расеі, Армэніі, Казахстану, Украіны, Беларусі, Малдовы і Румыніі. 19 пасажыраў атрымалі траўмы, 8 зь іх у цяжкім стане.

У здарэньні загінула 40-гадовая жанчына-гід, піша Vigili del Fuoco.

Прычыны аварыі высьвятляе паліцыя. Вядома, што кіроўца аўтобуса быў цьвярозы. Паводле папярэдніх зьвестак, ён мог страціць прытомнасьць.