«У нас усе плачуць. За што таго добрага хлопца забілі?» — рэпартаж з трывожнага Магілёва. ФОТА

Партрэт Яўгена Патаповіча ў школе, дзе ён вучыўся

Магілёў абмяркоўвае ўчорашняе забойства міліцыянта. Машыну зь меркаванымі злачынцамі дагэтуль шукаюць па ўсёй краіне. Як хлопец трапіў у міліцыю, чаму затрыманыя дзясяткі цыганоў, чаму дагэтуль нікога не злавілі — такія размовы можна пачуць ці ня ў кожным магілёўскім двары.

Пра чорную «Волгу» гаворыць увесь горад

«Я ж кажу, чорная „Волга“, расейцы», — распавядае вельмі гучна праз тэлефон на вуліцы кабета ў дварах вуліцы Першамайскай. З цэнтру гораду ўчора выехаў на выклік 22-гадовы лейтэнант Яўген Патаповіч. Празь некалькі гадзін ягонае цела знойдуць у лесе каля аб’язной шашы.

Скрыжаваньне Першамайскай і Мініна. Тут міліцыянт сеў у машыну

У суседнім двары зноў абмяркоўваюць чорную «Волгу» ўжо супрацоўнікі ў цывільным, якіх выдае табэльная зброя. Машыну зь меркаванымі забойцамі дагэтуль не знайшлі, і на вуліцах стаяць патрулі. Некаторыя ўзброеныя.

Туды, дзе знайшлі цела міліцыянта, карэспандэнты Свабоды прыехалі а 2-й гадзіне ночы. Афіцыйная прадстаўніца Сьледчага Камітэту Юлія Ганчарова, якая была на месцы, распавяла пра працу крыміналістаў. Прыехала перасоўная крыміналістычная лябараторыя, паставілі аварыйную асьвятляльную мачту.

Толькі а 5-й раніцы зь месца агляду вынесьлі накрытае цела міліцыянта. Але сьледчыя працягнулі працы і неўзабаве адсунулі журналістаў за 400 мэтраў ад ачэпленага лесу. Пазьней сюды прыехаў першы намесьнік старшыні Сьледчага камітэту Аляксей Волкаў, зьявіўся вайсковы транспарт.

Сьледчыя на месцы злачынства

Па стане на абед 17 траўня тэрыторыя вакол лесу заставалася ачэпленай.

Быў адзіны сын, вельмі ціхі хлопец

«У нас тут усе плачуць. За што таго добрага хлопца забілі?» — кажуць суседкі пра Яўгена.

Дом, дзе жыў Патаповіч

Яўген жыў у мікрараёне каля заводу імя Кірава ў Задняпроўі. Летам — адзін, а на зіму да яго пераяжджала бабуля зь вёскі. У пятніцу па абедзе тут стаяць супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы. Аднак гаварыць з журналістамі адмовіліся.

Суседзі, што сядзяць ля пад’езду, кажуць пра Яўгена як пра ціхага хлопца

«Ён нават з кампаніяй не вадзіўся, як гэта ўсе дзеці робяць. Вельмі ціхі хлопец быў», — кажа суседка па доме.

У сям’і Яўген — адзінае дзіця. Бацькі разьвяліся. Але з бацькам у Жэні былі добрыя стасункі, кажуць суседзі.

Вокны кватэры, дзе жыў міліцыянт

Сусед Аляксандар Мікалаевіч адзначае, што за суткі, як стала вядома пра сьмерць Яўгена, міліцыя не аднойчы наведвалася ў іхні дом. Ён мяркуе: Яўген убачыў у машыне сваіх забойцаў тое, чаго не павінен быў бачыць, таму яго і забілі.

Суразмоўца перакананы, што падазраваных у злачынстве знойдуць, бо справа на кантролі Аляксандра Лукашэнкі і КДБ.

Ягоны бацька служыў у ДАІ, школьныя сябры таксама скончылі інстытут МУС

Яўген вучыўся ў тутэйшай школе школе № 7. У фае школы — Яўгенаў партрэт з чорнай стужкай і букетам тульпанаў.

Школа, якую скончыў Патаповіч

Кіраўнік школы Аляксандар Крамачоў спадзяецца, што вінаватых у забойстве Яўгена знойдуць і пакараюць. Ён лічыць, што вучні, якія хочуць служыць у міліцыі, ня зьменяць сваіх намераў стаць праваахоўнікамі, нягледзячы на трагічнае здарэньне.

«Наадварот, гэта ўмацуе іх грамадзянскую пазыцыю», — кажа суразмоўца.

Дырэктар 7-й школы Аляксандар Крамачоў

Дырэктар 7-й школы кажа, што Яўген адразу хацеў зрабіць кар’еру супрацоўніка дарожна-патрульнай службы. Магчыма, таму, што ягоны бацька служыў у міліцыі.

Яўген скончыў магілёўскі інстытут МУС. Міліцыянтам адслужыў блізу году. Яшчэ двое ягоных школьных сяброў таксама сталі міліцыянтамі. Адзін служыць у калёніі, яшчэ адзін — як і Саша, у ДПС.

Партрэт Патаповіча ў вэстыбюлі школы

У школе меркавалі, што разьвітаньне зь Яўгенам адбудзецца ўжо сёньня. Але яно пройдзе заўтра, 18 траўня, з 9:00 да 12:00 у фае абласной філярмоніі на вуліцы Першамайскай, 10.

Татальныя міліцэйскія праверкі ў цыганскіх раёнах. Дзясяткі мужчын застаюцца пад вартай, пакуль ня знойдуцца злачынцы

Пасьля зьяўленьня ў тэлеграм-канале NEXTA інфармацыі пра тое, што міліцыянта пасадзілі ў машыну людзі «цыганскай ці каўкаскай зьнешнасьці», міліцыя зладзіла маштабныя рэйды ў двух цыганскіх раёнах Магілёва. Жыхары Чапаеўкі і Грабянёва кажуць, што ўвечары тут езьдзіла шмат міліцэйскіх машын.

Вуліца ў раёне Чапаеўка, дзе пасьля забойства міліцыянта 16 траўня затрымалі дзясяткі цыганоў

Як расказалі Свабодзе мясцовыя цыганы, міліцыянты ўрываліся ў кватэры і затрымлівалі ледзь ня ўсіх спрэс. Прычым тычылася гэта менавіта цыганскіх хатаў — беларускіх суседзяў міліцыя не чапала.

«Мы ад міліцыі даведаліся, што ў горадзе забілі міліцыянта», — кажа пажылая цыганка, чыйго сына і ўнукаў затрымалі ўчора ўвечары. Сваё імя яна баіцца называць.

Учора ўвечары яна была ў гасьцях, калі міліцыя ў масках і са зброяй уварвалася ў дом і паклала ўсіх на падлогу тварам да зямлі. У тым ліку жанчын.

Затрымлівалі старых, жанчын і непаўналетніх. Потым жанчын адпусьцілі, а каля 30–40 мужчын з Чапаеўкі дагэтуль застаюцца пад вартай.

«Сказалі, пакуль мы ня знойдзем злачынцаў, нашыя мужчыны будуць сядзець. Каб мы па сваёй цыганскай пошце шукалі тых людзей», — кажа кабета.

Яна зь дзяцінства жыве ў Магілёве і ня памятае такіх маштабных затрыманьняў цыганоў.

«Хіба мы ў адказе за ўсіх людзей нашай нацыянальнасьці?» — кажа жанчына.

Цыганы кажуць, што зь імі абыходзіліся вельмі жорстка. Аднаму мужчыну ў міліцыі стала дрэнна, і яго забралі ў шпіталь.

«Нам пагражалі, што не дадуць тут жыць спакойна», — кажа жанчына.

Міліцэйскі пост у горадзе

Свабода працягвае сачыць за падзеямі ў Магілёве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забітага ў Магілёве супрацоўніка ДАІ пахаваюць 18 траўня. Што пра яго вядома