Па-беларуску выйдзе раман самай касавай польскай аўтаркі — беларускі з Падляшша

Катажына Бонда

Цягам некалькіх месяцаў у выдавецтве «Янушкевіч» выйдзе раман самай касавай польскай пісьменьніцы Катажыны Бонды «Акулярнік».

Аўтарка, якую называюць «каралевай польскага дэтэктыву», паходзіць з Падляшша, вучылася ў беларускім ліцэі ў Гайнаўцы і адкрыта кажа пра «100%-е беларускае паходжаньне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шок ад раману выпускніцы беларускага ліцэю ў Гайнаўцы

«Чатыры гады назад гэтая кніга гучна выстраліла ў Польшчы, здабыўшы шалёную папулярнасьць у чытачоў (і гэта адзначана шэрагам узнагарод) і неадназначную рэакцыю ў прэсе. А ўсё таму, што ў рамане закранаецца балючая тэма злачынстваў Рамуальда Райса „Бурага“ супраць беларускага насельніцтва на Падляшшы», — гаворыцца на профілі выдавецтва «Янукевіч» у Фэйсбуку.

У кнізе адлюстраваная сямейная гісторыя Катажыны Бонды. Яе цяжарную бабулю забіў адзін з партызанаў Рамуальда Райса «Бурага».

Беларускае выданьне будзе мець каля 800 старонак. Выдавецтва абяцае, што беларусы змогуць набыць кнігу па-беларуску ўжо гэтым летам.

Кнігі Катажыны Бонды выдаюцца накладам звыш 150 тысяч асобнікаў. Неаднаразова яны былі рэкардсмэнамі продажу ў польскіх кнігарнях.