Знайшлася пасма валасоў Леанарда да Вінчы

Ленарда да Вінчы

Знайшлася пасма валасоў Леанарда да Вінчы, дзякуючы якой можна будзе ўстанавіць яго генэтычны код. Знаходка будзе прадстаўленая 2 траўня ў 500-гадовую гадавіну сьмерці мастака ў прысьвечаным яму музэі ў родным мястэчку Вінчы, на адкрыцьці выставы «Леанарда жыве».

Як распавёў дырэктар музэю Алесандра Вэцозі, пасму валасоў Леанарда знайшлі тры гады таму ў прыватнай калекцыі ў ЗША. Ёсьць нават дакумэнт, які пацьвярджае сапраўднасьць знаходкі.

Гісторык Агнэс Сабата, старшыня таварыства «Спадчына Леанарда да Вінчы» падкрэсьлівае, што дакумэнты і сама пасма валасоў не выклікаюць ніякіх сумневаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нашчадкаў Скарыны можна знайсьці праз ДНК. Ёсьць сьлед

Знаходка двойчы зьмяніла ўладальніка. Яна паходзіць з Францыі, дзе ў мясцовасьці Амбуаз пахаваны сусьветнавядомы мастак.

Навуковыя працы з мэтай устанавіць ДНК Леанарда да Вінчы распачнуцца пасьля адкрыцьця выставы. Яго генэтычны код параўнаюць з ДНК сваякоў мастака, да якіх належыць, між іншым, вядомы рэжысэр Франка Дзэфірэлі.