Эўрапейскі суд упершыню дазволіў выдварыць у Алжыр падазраванага тэрарыста

Эўрапейскі суд у Страсбуры

Эўрапейскі суд у правах чалавека (ЭСПЧ) 29 красавіка, упершыню даў зялёнае сьвятло Парыжу на выправаджэньне ў Алжыр асуджанага паводле справы аб тэрарызьме. Да гэтага суд у Страсбуры заўсёды паказваў на пагрозу катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня з боку алжырскіх спэцслужбаў.

У судовай пастанове гаворыцца, што «не існуе сур’ёзных падставаў» меркаваць, што 34-гадовы грамадзянін Алжыру падвергнецца катаваньням, бесчалавечнаму або зьневажальнаму абыходжаньню на радзіме.

Мужчыну ў 2015 годзе прысудзілі шэсьць гадоў зьняволеньня за фінансаваньне «Аль-Каіды ў ісламскім Магрыбе» і прадстаўленьне баявікам сродкаў начнога бачаньня. Пастанову аб выдварэньні выдалі ў лютым 2018 году. Абвінавачаны паспрабаваў аспрэчыць яе ў францускіх судах, а затым зьвярнуўся ў ЭСПЧ.

Выкладчык Sciences Po і спэцыяліст па ЭСПЧ Нікаля Эрв’е адзначыў у інтэрвію RFE, што гаворка ідзе аб зьмене пазыцыі суду ў дачыненьні да Алжыру. Ён нагадваў, што яшчэ год таму ЭСПЧ — наадварот — асудзіў Парыж за высяленьне ў Алжыр мужчыны, асуджанага ў справе аб тэрарызьме з прычыны «рэальнай пагрозы бесчалавечнага абыходжаньня».

— Францыя вылучыла шэраг аргумэнтаў, зь якімі Эўрапейскі суд пагадзіўся. Напрыклад, тое, што ўжо распушчаная алжырская служба бясьпекі, якую абвінавачвалі ў катаваньнях людзей, а асабліва падазраваных у тэрарызьме. Тое, што сёньня алжырская Канстытуцыя абараняе ад бесчалавечнага і прыніжальнага абыходжаньня. ЭСПЧ не мяняе свайго «праграмнага забесьпячэньня» і сваіх галоўных прынцыпаў. Гэтае канкрэтнае пытаньне выдварэньня ў Алжыр вельмі важнае для Францыі, улічваючы колькасьць выхадцаў з Алжыру, якіх яно можа закрануць«.

У самім судзе ў Страсбуры гавораць, што гаворка зусім ня йдзе аб поўнай зьмене судовай практыкі. Крыніца France-Presse ў ЭСПЧ пацьвярджае, што суд прыняў гэтае рашэньне праз тое, што «сытуацыя ў Алжыры зьмянілася» ў апошнія гады: улады «зьмянілі свае практыкі» і зладзілі канстытуцыйныя рэформы, што робіць выдварэньне ў гэтую краіну магчымым.

Асуджаны мае тры месяцы на тое, каб абскардзіць пастанову Эўрапейскага суду.