У Сырыі пры нападах ісламістаў забітыя каля 50 салдат

Ілюстрацыйнае фота. Баец сырыйскіх дэмакратычных сіл, падчас апэрацыі па вызваленьні населенага пункту Багхуз на ўсходзе Сырыі

У Сырыі ахвярамі нападаў ісламістаў сталі каля 50-ці салдат сырыйскай арміі і яе саюзьнікаў, паведаміла 20 красавіка назіральная праваабарончая група. Сярод нападнікаў былі удзельнікі фармаваньняў «Ісламскай дзяржавы» і саюзныя ім паўстанцы.

Толькі на ўсход ад Алепа 20-га красавіка быў забіты 21 салдат, адзначае Сырыйскі цэнтар маніторынгу парушэньняў правоў чалавека.

Пагадненьне аб спыненьні агню ў ваколіцах Алепа было падпісанае ў верасьні 2018 году, але яно ўсё часьцей парушаецца. У гэтым раёне працягвае існаваць галоўны ўмацаваны раён сырыйскай ўзброенай апазыцыі.

Пры іншым нападзе, у правінцыі Хомс, 18 красавіка ісламісты зрабілі засаду на атрад ўрадавых войскаў. Былі забітыя 27 вайскоўцаў, сярод якіх чатыры афіцэры.

Тэрарыстычная групоўка"Ісламская дзяржава" у сакавіку 2019 году пацярпела паразу на ўсходзе Сырыі і страціла кантроль над раёнамі ў правінцыі Дэйр-эз-Зор, на ўсходзе Сырыі. Аднак прыхільнікі радыкальных ісламістаў працягваюць ваяваць супраць арміі і добраахвотных праўрадавых фармаваньняў.