Лукашэнка запэўніў, што будзе мець добрыя адносіны зь любым прэзыдэнтам Украіны 

Лукашэнка падчас пасланьня беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу

Аляксандар Лукашэнка па заканчэньні суботніка на «Лініі Сталіна» сказаў журналістам афіцыйных СМІ, што ў Беларусі застануцца «цёплыя адносіны з Украінай», незалежна ад вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зладзіў свой суботнік на «лініі Сталіна»

«Каго б украінскі народ ня выбраў прэзыдэнтам, у нас застануцца самыя добрыя і цёплыя адносіны з гэтай краінай, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Калі гэта будзе Пятро Парашэнка, нам нічога і ня трэба выбудоўваць, мы нашыя адносіны ўжо выбудавалі. Бывала добра, бывала горш, але заўсёды знаходзілі рашэньне пытаньняў».

Што тычыцца кандыдатуры Ўладзімера Зяленскага, то, як адзначыў Лукашэнка, гэта чалавек у палітыцы новы і неспрактыкаваны. Але ўсё гэта вырашаецца.

«Я таксама быў калісьці яшчэ маладзейшы, дык ці мне яго ацэньваць? Але я перакананы: калі краіна вызначыцца і абярэ Зяленскага, мы выбудуем такія ж добрыя адносіны, — перакананы беларускі кіраўнік. — Калі ўжо шчыра казаць, тут ад Лукашэнкі, Парашэнкі ці Зяленскага мала што залежыць. Залежыць больш ад народа».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 22 тысячы чалавек прыйшлі на кіеўскі стадыён падчас дэбатаў Парашэнкі і Зяленскага

Таксама Лукашэнка выказаў меркаваньне, што дэбаты кандыдатаў 19 красавіка нікому не далі відавочнай перавагі. Ён пры гэтым заўважыў, што не зьяўляецца староньнікам падобнай формы кантактаваньня з выбарцамі.