Лукашэнка абурыўся беларускамоўнымі дарожнымі знакамі

На яго думку, людзі з Расеі могуць не зразумець дарожных знакаў па-беларуску.

Аляксандар Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы: руская і беларуская.

«Зноў нейкія скаргі. Ад нашага насельніцтва, не кажу ўжо ад расейцаў. Дзесьці шыльды апэратыўна мяняюцца. Да глупства даходзіць. Еду па дарозе. Траса, як яе называюць, прэзыдэнцкая. Вывесілі табло: „Выконвай хуткасны рэжым“. Ну мне мне як беларусу зразумела, што хацелі сказаць... Але едзе рускі чалавек або расейскамоўны беларус: „Выконвай... Хуткасны...“ Але зразумеў, што „рэжым“. Няўжо, думае, зноў пра дыктатуру Лукашэнкі? Што вы хацелі гэтым паказаць? 50 адсоткаў насельніцтва (з запасам кажу) зразумеюць, што патрабуе дарожнік або даішнік... Але астатнія ж не зразумеюць! Давялося вярнуць назву нармальную. Хто зразумее, што гэта хуткасны рэжым, а не дыктатура Лукашэнкі?» — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці праўда, што ў Беларусі не разумеюць выразу «выконвайце хуткасны рэжым»?

«Калі мы страцім рускую мову, то страцім розум, калі беларускую — сэрца. Вы сэрца хочаце страціць, ці розум?» — дадаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трусаў: Лукашэнка не вытрымлівае націску Масквы ў моўным пытаньні

Раней міністар культуры РФ папрасіў абараніць расейскую мову ў Беларусі. Свабода з гэтай нагоды падлічыла шыльды на праспэкце Незалежнасьці ад Парку Чалюскінцаў да Кастрычніцкай плошчы. Выявілася, што шыльдаў па-беларуску ўтрая менш, чым па-расейску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зьнікае расейская мова зь менскіх шыльдаў, як сказаў пуцінскі міністар? Наадварот