Гісторыі трох ксяндзоў — паплечнікаў Каліноўскага, забітых на загад Мураўёва-вешальніка

Парэшткі ксяндза Раймунда Зямацкага і шляхціца Альбэрта Лясковіча (з прэзэнтацыі археолягаў Гіціса Грыжаса і Валдаса Сьцепанайціса)

Свабода сабрала зьвесткі пра двух пакараных сьмерцю ксяндзоў-паўстанцаў, чые парэшткі знойдзеныя на гары Гедзіміна ў Вільні. Яшчэ аднаго расстралялі казакі на ўскрайку Ліды, а месца пахаваньня затапталі коньмі.

Тры ксяндзы-паўстанцы

  • Ксёндз Станіслаў Ішора першым асуджаны на сьмерць за «паўстанцкі маніфэст».
  • Ксёндз Раймунд Зямацкі прайшоў паўстаньне 1831 году, але не перажыў наступнага.
  • Ксёндз Адам Фалькоўскі заклікаў да змаганьня з расейцамі, быў забіты і пахаваны ў безыменнай магіле.

Гара Гедзіміна ў Вільні з пахаваньнямі паўстанцаў

Гісторыя першая. Сваячка забітага паўстанца

Пасьля публікацыі пра знойдзеныя літоўскімі археолягамі парэшткі паўстанцаў 1863–64 гадоў на гары Гедзіміна ў Вільні Свабода атрымала ліст ад жанчыны, якая не выключае сваёй сваяцкай сувязі са сьвятаром Станіславам Ішорам, якога пакаралі сьмерцю расейскія ўлады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА

Паводле аўтаркі допісу Тацяны Дронь, у артыкуле «да болю зачапіла» прозьвішча чалавека, ідэнтычнае зь ейным па бацькавай лініі — Ішора.

«У матэрыяле пра парэшткі паўстанцаў Каліноўскага згадваецца Станіслаў Ішора, — піша яна. — У сувязі з гэтым згадалася сямейная гісторыя пра майго дзядулю. Яго звалі Няфёд Іванавіч Ішора, 1888 году нараджэньня. Пра яго бацькоў вядома толькі тое, што „палякі“. У 2 гады ён застаўся сіратой і выхоўваўся роднымі цёткамі ў Вялікалуцкім павеце (цяперашняя Пскоўшчына. — РС). Расказваў, што яго продкі былі зь Віленшчыны».

Ксёндз Станіслаў Ішора і фамільны герб (паводле прэзэнтацыі Гіціса Грыжаса і Валдаса Сьцепанайціса)

Жанчына адзначае, што дзед атрымаў добрае выхаваньне: да апошніх дзён адзначаўся высакароднасьцю, але пры гэтым стараўся не выдзяляцца з агульнай масы. І цікавіцца: ці можа яе сям’я мець агульныя карані са Станіславам Ішорам?

Тэарэтычна продкі Тацяны Дронь маглі быць у сваяцтве зь сям’ёй Станіслава Ішоры. Прынамсі, пра гэта кажа іх агульнае геаграфічнае паходжаньне — зь Віленшчыны. Аднак глыбейшыя высновы рабіць дачасна: ДНК ніводнага з крэўных ксяндза Ішоры, якія жывуць цяпер, не супала з дадзенымі парэшткаў.

Ішору маглі перапахаваць з гары Гедзіміна

Як расказаў падчас нядаўняга круглага стала ў Нацыянальным музэі гісторыі Літвы археоляг Гіціс Грыжас, усяго на сьмяротнае пакараньне ў Вільні асудзілі 21 чалавека — праз павешаньне і расстрэл.

Ідэнтыфікаваныя ўсе, апроч Станіслава Ішоры. Ёсьць генэтычныя дадзеныя двух нашчадкаў ягоных пляменьнікаў, якія жывуць у Літве і Польшчы. І аналіз паказаў, што ніводзін з двух дзясяткаў пахаваных — не Ішора.

Сярод дасьледчыкаў існуе гіпотэза, што ў пачатку ХХ стагодзьдзя ксяндза-паўстанца ўдалося перапахаваць у касьцёле Сьвятога Мікалая ў Вільні. Аўтар песень «паўстанцкага цыклю» Сяржук Сокалаў-Воюш рыхтуе грунтоўны даведнік па асобах паўстанцаў. Ён кажа, што асобныя прыклады таемных перапахаваньняў сапраўды былі — дзеля гэтага патрабаваліся або спрыяльныя ўмовы, або немалыя грошы на подкуп вартавых.

Сяржук Сокалаў-Воюш, архіўнае фота

Напрыклад, кіраўніка паўстанцкага аддзелу Яна Ельскага-Ёдку расейцы спачатку кінулі ў групавую магілу, а неўзабаве паплечнікі перазахавалі яго на могілках пры маёнтку Відзкі Двор. Аднак пасьля гэтага ўлады правялі яшчэ адну эксгумацыю і перанесьлі парэшткі ў невядомае месца.

Незаўважна вынесьці цела з тэрыторыі вайсковага гарнізону, на яго думку, было надзвычай складана. Аднак падчас Першай сусьветнай вайны на гары Гедзіміна ўжо стаялі германцы і, паводле некаторых зьвестак, яны не пярэчылі, каб парэшткі сьвятара перанесьлі ў храм. Адпаведна, раней ці пазьней адмыслоўцам давядзецца выйсьці за пэрымэтар колішняга расейскага гарнізону.

Што вядома пра ксяндза Станіслава Ішору

Згодна з архіўнымі зьвесткамі, якія сабраў Сяржук Сокалаў-Воюш, Станіслаў Ішора нарадзіўся 12 красавіка 1838 году ў вёсцы Цасарка пад Вількамірам, што за паўсотні кілямэтраў ад Вільні. Ён сын Станіслава Ішоры-старэйшага і Марыі Шантыр, у яго былі брат Аляксандар і сястра Марыя (у замужжы Кярсноўская).

Герб паўстанцаў 1863-64 гадоў

Ён скончыў гімназію ў Вільні і паступіў у Пецярбурскую духоўную акадэмію — адзіную ў Расейскай імпэрыі ўстанову для навучаньня каталіцкіх сьвятароў. Пасьля пасьвячэньня ў 23-гадовым узросьце быў прызначаны вікарыем у парафію Жалудок на Лідчыне.

Станіслаў Ішора

Як вынікае з гістарычных архіваў, большасьць ксяндзоў падтрымала антырасейскае паўстаньне, многія бралі ўдзел у яго арганізацыі. У іх ліку і Станіслаў Ішора — першы, хто быў пакараны сьмерцю на Лукіскім пляцы ў Вільні.

Лідзкі павет, як і іншыя заходнія землі Беларусі, далучыўся да паўстаньня супраць расейскай акупацыі. У лютым 1863-га тут пачаў дзейнічаць партызанскі аддзел Людвіка Нарбута. Мясцовыя сьвятары займаліся пастырскай апекай у атрадах, даводзілі распараджэньні камандзіраў, вялі патрыятычныя казані сярод прыхаджанаў, хавалі забітых у сутычках, а часьцяком выступалі са зброяй у руках.

Сьмяротны вырак за паўстанцкі маніфэст

8 сакавіка 1863 году Станіслаў Ішора зачытаў у касьцёле паўстанцкі маніфэст і згадзіўся бьщь капэланам. Адначасна прывёў да прысягі добраахвотнікаў, якія папаўнялі паўстанцкія аддзелы. Калі расейская адміністрацыя арыштавала пробашча Жалудоцкага касьцёлу Юзафа Ясінскага, абвінаваціўшы яго ў дэклямаваньні маніфэсту, айцец Станіслаў добраахвотна здаўся, каб вызваліць невінаватага сьвятара.

Касьцёл у Жалудку, мяжа ХІХ-ХХ стагодзьдзяў

За заклікі да паўстаньня разам з Ішорам былі аддадзеныя пад суд ксяндзы Раймунд Зямацкі і Адам Фалькоўскі, арганіст Адам Калясінскі, пісар Гаеўскі і стражнік Яцэвіч.

«Першапачаткова ў траўні 1863 году вайсковы суд пры штабе 2-й Гвардзейскай пяхотнай дывізіі пад старшынствам генэрал-лейтэнанта Весяліцкага асудзіў Станіслава Ішору на 5 гадоў сыбірскай катаргі, — адзначае Сяржук Сокалаў-Воюш. — Аднак на паўторным паседжаньні, праведзеным цягам аднаго дня пад кіраўніцтвам палкоўніка Ўласава, ужо было прынятае зусім іншае рашэньне: расстрэл. Ксяндзу было 24 гады».

Крывавая місія Мураўёва-вешальніка

Фатальным для дзясяткаў паўстанцаў стала прызначэньне ў Вільню генэрал-губэрнатарам Міхаіла Мураўёва, які з траўня 1863-га да красавіка 1865-га лютаваў у Беларусі і Літве. За дзейнасьць «по усмиренію польскаго возстанія» ён атрымаў мянушку «Вешальнік».

Ананімная гравюра Мураўёва-вешальніка да 50-годзьдзя паўстаньня

Гэта на яго загад вярнулі на перагляд ранейшыя «мяккія» прысуды. Адносна пашчасьціла тым, каго на момант прыезду высокага чыну ўжо адправілі ў Сыбір. А вось справу сьвятара генэрал наклаў забойчую рэзалюцыю:

«Ксяндза Ішору расстраляць у Вільні, арганіста Калясінскага, пазбавіўшы ўсіх правоў, саслаць на 12 гадоў катаргі ў шахты-капальні».

На падставе пастановы Віленскага губэранскага праўленьня маёмасьць асуджаных да сьмерці падлягала канфіскацыі.

Паводле адных зьвестак, Станіслаў Ішора быў расстраляны 3 чэрвеня (22 траўня па новым стылі) 1863 году ў Лукіскай вязьніцы, паводле іншых — пры зборы войска і вялікім зграмаджэньні народу на кірмашовым пляцы ў прымесьці Лукішкі. Сьведкі ўспаміналі, што сьвятар зьвярнуўся да натоўпу з заклікам трымацца і ня падаць духам: «Мы паміраем, а вам перадаём далейшы лёс Айчыны».

Гара Гедыміна ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя (з прэзэнтацыі Гіціса Грыжаса і Валдаса Сьцепанайціса)

У 1933 годзе ў касьцёле сьвятога Якуба ў Вільні пасьвянцілі мэмарыяльную дошку на польскай мове: «Сьвятой памяці ксёндз Станіслаў Ішора, народжаны ў Вільні 12.IV.1838, вікарый у Жалудку, каплан-герой, забіты за справу касьцёла і нацыі ў Вільні на Лукішках 3.VI.1863 году. Слава яго памяці».

А ў 2003-м, да 140-годзьдзя паўстаньня, на касьцёле ў Лідзе была ўсталяваная мэмарыяльная шыльда ў памяць пра расстраляных ксяндзоў Станіслава Ішору, Раймунда Зямацкага і Адама Фалькоўскага.

Гісторыя другая. Сьвятар — удзельнік двух паўстаньняў

Аналягічны са Станіславам Ішорам лёс напаткаў Раймунда Зямацкага, яшчэ аднаго сьвятара зь Лідчыны. Ён самы стары з ахвяр мураўёўскай «зачысткі» — на момант вынясеньня прысуду меў 53 гады.

Рэчы, знойдзеныя побач з парэшткамі Раймунда Зямацкага і Альбэрта Лясковіча (з прэзэнтацыі Гіціса Грыжаса і Валдаса Сьцепанайціса)

Як вынікае з дасьледаваньня Сержука Сокалава-Воюша, нарадзіўся ён 19 верасьня 1810 году ў двары Дахны Крэўскай гміны Ашмянскага павету ў сям’і Янука і Кацярыны з Камінскіх. Хрышчоны ў парафіяльным касьцёле ў Лоску.

У 20-гадовым узросьце браў удзел у паўстаньні 1831 году, падчас сутычкі з расейцамі ў Ашмяне атрымаў чатыры ўдары казацкай пікай і два шабляй. Страціўшы прытомнасьць, застаўся на полі бою сярод трупаў, а калі ачуняў, сплываючы крывёй, дапоўз да найбліжэйшага засьценка.

Вярнуцца ў родны двор ён ня мог — Дахны былі пад расейскім кантролем. Родныя вырашылі, што Раймунду «для заціраньня сьлядоў» трэба паступіць у духоўную сэмінарыю. Так у ягонай біяграфіі пачаўся духоўны адрэзак.

Адно з пахаваньняў паўстанцаў (з прэзэнтацыі археолягаў Гіціса Грыжаса і Валдаса Сьцепанайціса)

Ён быў вікарыем у Пружане і вікарыем парафіі сьвятога Рафала ў Вільні. Ад 1850 году і да пакараньня сьмерцю ў 1863-м — пробашч Вавёрскага касьцёла Лідзкага павету.

27 студзеня ўзяў на сябе місію зачытаць маніфэст Літоўскага паўстанцкага ўраду, які абяцаў волю і зямлю, заклікаючы народ да абароны сваёй Айчыны.

Арыштаваны 15 лютага 1863 году. Быў высланы ў Ліду, адтуль у Вільню. Першапачаткова асуджаны на катаржныя працы ў Сыбіры, але праз умяшаньне Мураўёва-вешальніка пакараны сьмерцю: расстраляны на кірмашовым пляцы ля касьцёла сьвятога Якуба ў Вільні — праз два дні пасьля ксяндза Ішоры. Згодна з распараджэньнем генэрал-губэрнатара і пастановай Віленскага губэранскага праўленьня ягоная маёмасьць падлягала сэквэстру.

Раскопы на гары Гедыміна (з прэзэнтацыі Гіціса Грыжаса і Валдаса Сьцепанайціса)

Як вынікае са справаздачы літоўскіх археолягаў Гіціса Грыжаса і Валдаса Сьцепанайціса, Раймунд Зямацкі пахаваны ў адной магіле з 23-гадовым шляхціцам Альбэртам Лясковічам. У абодвух пераламаныя косьці, у яме знайшлі кулю. Праз антрапалягічныя дасьледаваньні і характар пашкоджаньняў удалося высьветліць, што гэта сапраўды Зямацкі і Лясковіч. Тое самае пацьвердзілі пробы ДНК, узятыя ад сваякоў — супадзеньне на 98%.

23 ліпеня 1933 году на касьцёле сьвятога Рафала ў Вільні ўсталявалі памятную дошку: «Сьвятой памяці ксёндз Раймунд Зямацкі, народжаны ў Лоску 10 верасьня 1810 г., удзельнік паўстаньня 1831 г., вікарый касьцёла сьв. Рафала ў Вільні, потым пробашч у Вавёрцы Лідзкага павету. Каплан-герой загінуў мучаніцкай сьмерцю, расстраляны на Лукіскім пляцы ў Вільні 5 чэрвеня 1863 г.».

Гісторыя трэцяя. Кінулі ў дол і залілі вапнай

Поруч са Станіславам Ішорам і Раймундам Зямацкім часта згадваецца яшчэ адзін сьвятар — 51-гадовы Адам Фалькоўскі, пробашч зь Ішчалны Лідзкага павету. Як і тыя, ён зачытаў у касьцёле паўстанцкі маніфэст і заклікаў сялянаў да паўстаньня.

Памятны камень на месцы расстрэлу Адама Фалькоўскага

Паводле наяўных зьвестак, Адам Фалькоўскі быў арыштаваны 2 сакавіка 1863 году і адпраўлены зь Ліды ў Вільню. Але неўзабаве яго адаслалі назад у Ліду, дзе 24 чэрвеня расстралялі.

З успамінаў ксяндза-дэкана Іпаліта Баярунца, на якія спасылаецца Сяржук Сокалаў-Воюш, вынікае, што а 6-й раніцы арыштанта прывялі да месца пакараньня, дзе ўжо быў выкапаны дол і ў бочцы падрыхтавана сьвежая вапна. Там прывязалі да слупа i завязалі вочы. Раздаўся залп з карабінаў... Цела ксяндза кінулі ў дол без труны і залілі вапнавым растворам. Магілу закапалі, эскадрон казакоў на конях зацёр яе сьляды.

Дасьледчык Язэп Янушкевіч

«За час паўстаньня сьвятароў расстралялі вельмі шмат, — кажа яшчэ адзін дасьледчык тагачасных падзеяў Язэп Янушкевіч. — З гэтай прычыны я нават ламаю звыклае датаваньне, пазначаючы пэрыяд ад 1863 да 1865 гадоў, бо каралі сьмяротнымі выракамі і пасьля здушэньня выступаў. Да таго ж мы звычайна разглядаем землі Літвы і Беларусі, а калі ўзяць яшчэ Польшчу — колькі капуцынаў было забіта там? Так што ахвярамі царскага рэжыму былі многія і многія прадстаўнікі касьцёла».

У траўні 1919 году магілу Адама Фалькоўскага аднавілі. Аднак у 1940-м яе зьнішчылі савецкія ўлады. У 1990-х сябры Лідзкай арганізацыі БНФ «Адраджэньне» ня раз аднаўлялі пахаваньне паўстанцкага сьвятара, якое зноў і зноў руйнавалася на загад адміністрацыі. Урэшце там паставілі каменны знак.

Акрамя таго, шэраг ксяндзоў былі пакараныя працяглымі тэрмінамі катаржных працаў. Так, вікарый з Новага Двара Ян Кажанёўскі, які таксама прачытаў у касьцёле паўстанцкі маніфэст, атрымаў 12 гадоў катаргі ў шахтах і пазбаўленьне духоўнай годнасьці.

Пробашч парафіі Васілішкі Ануфры Сырвід за прачытаньне маніфэсту быў пакараны аналягічным тэрмінам — 12 гадоў катаргі ў Іркуцкай губэрні.

Пробашч парафіі Дэмбрава — як і Васілішкі, і Новы Двор, гэта колішні Лідзкі павет, а цяпер Шчучынскі раён — Рамуальд Скібінскі быў пакараны 8 гадамі катаргі ў Сыбіры.

Партрэт Кастуся Каліноўскага, мастак Алесь Пушкін

Паўстаньне 1863–64 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага было супраць расейскага панаваньня і за аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году. Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі і Літве амаль дзьве сотні паўстанцаў былі пакараныя сьмерцю, прыкладна 850 асуджаныя на катаргу, больш за 12 тысяч сасланыя і выселеныя з краю.

Месца пахаваньня многіх лідэраў народных выступаў больш за паўтара стагодзьдзя было невядомае. Нечакана дапамог прыродны фактар — апоўзень на віленскай гары Гедзіміна ў 2016 годзе. Пасьля пачатку будаўнічых работ і раскопаў археолягаў удалося знайсьці і ідэнтыфікаваць фрагмэнты касьцякоў 20 чалавек, якіх акупацыйная адміністрацыя асудзіла на сьмерць. Перапахаваньне парэшткаў заплянаванае на сёлетнюю восень.