У Менску адбылося першае пасяджэньне аргкамітэту сёлетняй жалобнай акцыі «Чарнобыльскі шлях».
У ім бралі ўдзел прадстаўнікі Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), партыі «Зялёныя», Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, руху «За свабоду», руху салідарнасьці «Разам», грамадзкага аб’яднаньня «Экадом».
Як паведаміў намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, аргкамітэт прыняў рашэньне аб правядзеньні 26 красавіка штогадовага Чарнобыльскага шляху з мэтай прыцягненьня грамадзкай увагі да наступстваў аварыі на ЧАЭС, праблемаў разьвіцьця атамнай энэргетыкі і пратэсту супраць Астравецкай АЭС як пагрозы нацыянальнай бясьпецы.
Астравецкая АЭС як новая пагроза
На пачатку наступнага тыдня плянуецца падаць заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне дэманстрацыі традыцыйным маршрутам: збор удзельнікаў а 17:30 на пляцоўцы каля галоўнага ўваходу ў прэзыдыюм НАН Беларусі, шэсьце да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля», мітынг і ўскладаньне кветак.
Чарнобыльскі шлях — вулічная акцыя ў фармаце шэсьця, якую 26 красавіка ладзіць апазыцыя. Першы мітынг адбыўся ў 1988 годзе зь ініцыятывы Беларускага Народнага Фронту, і ад таго часу шэсьце адбываецца штогод. Ад 2008-га да тэмы памяці чарнобыльскай аварыі дадалася небясьпека будаўніцва ў Беларусі атамнай электрастанцыі паводле праекту расейскай кампаніі «Росатом».
Самым масавым стаў Чарнобыльскі шлях 1996 году (блізу 50 тысяч удзельнікаў) на праспэкце Скарыны. У сутыкненьнях зь міліцыяй пацярпелі дзясяткі чалавек.