«Галоўнае — пазбавіцца ад ігламаніі». Як у Беларусі жывуць кліенты замяшчальнай тэрапіі мэтадонам

У 2019-м праграме замяшчальнай тэрапіі ў Беларусі спаўняецца 12 гадоў. За гэты час празь лекаваньне прайшлі тысячы людзей. Колькі чалавек праграма ўратавала ад сьмерці або турмы — сказаць цяжка. Свабода пагаварыла з двума людзьмі, якія праходзяць лекаваньне такім чынам, пра залежнасьць, эфэктыўнасьць праграмы і хібы бягучай наркапалітыкі краіны.

Першыя кабінэты замяшчальнай тэрапіі мэтадонам, скарочана — ЗТМ, зьявіліся ў Беларусі яшчэ ў 2007 годзе ў Гомлі. Гэта быў пілётны праект Глябальнага фонду па барацьбе зь ВІЧ, сухотамі і малярыяй. Экспэрымэнт аказаўся пасьпяховым, і праз тры гады такія кабінэты адкрыліся па ўсёй краіне. Сёньня ў Беларусі 19 кабінэтаў ЗТМ, іх паслугамі карыстаюцца 728 пацыентаў.

Замяшчальная тэрапія — адзін з мэтадаў зьмяншэньня шкоды. Сутнасьць гэтага падыходу — не ў забароне спажываньня, а ў тым, каб даць магчымасьць рабіць гэта бясьпечна для сябе і навакольля. Напрыклад, мець чыстыя шпрыцы, прэзэрватывы, антыдоты пры перадазіроўках, інфармацыю пра рэчывы і рызыкі іх ужываньня, вітаміны і лекі. Усясьветная арганізацыя аховы здароўя ўхваліла замяшчальную тэрапію як эфэктыўны мэтад лекаваньня нарказалежнасьці. ЗТМ прымяняецца ў 90 краінах сьвету.

Чым замяшчаюць наркотыкі

Замяшчальная тэрапія мэтадонам зьявілася ў ЗША ў 1960-я гады. Першы і самы распаўсюджаны прэпарат — мэдычны мэтадон, сынтэтычнае рэчыва, якое належыць да клясу апіёідаў. Мэтадон мае форму сыропу, дзейнічае значна даўжэй за гераін і не выклікае эўфарыі. Дзякуючы яму чалавек, які мае залежнасьць, напрыклад, ад гераіну, не адчувае «ломкі» і можа нармальна жыць, ня думаючы, дзе дастаць наркотык. Такія людзі могуць працаваць, ствараць сям’ю і займацца сваім здароўем. Мэдычны мэтадон непрывабны для нелегальнага спажываньня, бо не выклікае эўфарыі.

Мэтадон — самы папулярны (у Беларусі — адзіны) прэпарат для замяшчальнай тэрапіі. У першую чаргу таму, што танны. Па падліках Эўразійскай асацыяцыі зьніжэньня шкоды, на аднаго пацыента ў год выдаткоўваецца 387 даляраў — з улікам коштаў закупу прэпарату і аплаты працы мэдпэрсаналу. Для параўнаньня: кошт утрыманьня чалавека за кратамі — 1050 даляраў у год.

Другі папулярны прэпарат — бупрэнарфін, які ў гэтым годзе быў зарэгістраваны ў Беларусі, але пакуль што не выкарыстоўваецца ў тэрапіі. Ён мае менш пабочных эфэктаў, чым мэтадон, але каштуе амаль у 8 разоў даражэй.

Хто падпадае пад замяшчальную тэрапію

Трапіць на праграму могуць тыя, хто ўжывае вулічныя наркотыкі ня менш за тры гады, стаіць на афіцыйным наркаўліку і спрабаваў лекавацца іначай, але няўдала. Умовы даволі жорсткія: па мэтадон трэба прыходзіць штодня, некаторыя нават езьдзяць зь іншых гарадоў. За пропускі могуць выгнаць з праграмы. Удзельнікаў пэрыядычна правяраюць, ці не спажываюць яны іншыя прэпараты, напрыклад дымэдрол, які ў сумесі з мэтадонам дае эўфарыю, ці алькаголь — за гэта таксама выганяюць. Аднавіцца на праграме можна толькі праз паўгода.

Замяшчальная тэрапія мэтадонам дапамагае толькі пры залежнасьці ад апіятаў. Калі залежнасьць, напрыклад, ад «соляў» ці «спайсаў», то мэтадон неэфэктыўны.

Сяргей Крыжэвіч: «Больш за ўсё баюся, што зноў вярнуся на вуліцу»

На гадзіньніку 6:30. Мянчук Сяргей Крыжэвіч ужо прачнуўся, выпіў каву і пайшоў выгульваць сабаку. Яго жонка і дачка яшчэ сьпяць. Сам жа Сяргей дазволіць сабе такую раскошу ня можа: а 7-й ён выходзіць з хаты, каб пасьпець перад працай у кабінэт замяшчальнай тэрапіі на вуліцы Маякоўскага. Гэта адна зь дзьвюх установаў, якія абслугоўваюць пацыентаў зь менскай прапіскай.

Сяргей Крыжэвіч

Шлях толькі ў адзін бок на аўтобусе займае каля 40 хвілін, на таксі — удвая меней.

«Вось сёньня я змарную на ўсе справы дзьве гадзіны, — скардзіцца Сяргей. — А мог бы правесьці гэты час з дачкой. Амаль заўсёды бяру Uber. Гэта хутчэй, але выходзіць 12 рублёў за дарогу ад майго дома да кабінэту і назад».

Мы набліжаемся да кабінэту — Сяргей пачынае вітацца зь людзьмі на вуліцы. Яго тут усе ведаюць дзякуючы ня толькі стажу (атрымлівае мэдычны мэтадон ужо 10 гадоў), але і грамадзянскай пазыцыі. Больш за год таму мужчына стаў адным з заснавальнікаў арганізацыі пацыентаў замяшчальнай тэрапіі «Твой шанец».

Арганізацыя ставіць на мэце прасоўваньне праграмаў замяшчальнай тэрапіі, пашырэньне іх дзейнасьці і паляпшэньне ўмоваў для пацыентаў.

«Мы вырашылі, што ратаваньне тапельцаў — справа іх уласных рук», — кажа Сяргей Крыжэвіч.

Сёньня ён размаўляў з доктарам-нарколягам наконт лёсу аднаго з пацыентаў.

«Мужчына сышоў з праграмы, бо хоча самастойна справіцца з залежнасьцю. Без мэтадону ён здолеў пратрымацца 45 дзён. Але сёньня кажа, што яму не хапае моцы і ён можа зноў пачаць спажываць гераін... Па правілах праграмы вярнуцца можна толькі праз 6 месяцаў. Але за гэты час чалавек можа памерці ад перадазіроўкі, атрымаць ВІЧ ці сесьці ў турму! Трэба мяняць правілы», — абураецца Сяргей.

Як стаў наркаманам

Першы раз ён паспытаў псыхаактыўныя рэчывы напрыканцы 1980-х, яшчэ ў школе. Сусед вярнуўся з войска — служыў у Сярэдняй Азіі і прывёз адтуль марыхуану. Потым зьявіўся гераін.

«У менскім мікрараёне „Ўсход“, дзе я вырас, было мінімум пяць пунктаў, дзе можна было набыць гераін. Напачатку ён быў дарагі: 100–120 даляраў за грам пры сярэдняй зарплаце 30–40 даляраў. Потым кошт зьменшыўся да 25–30 даляраў за грам. Грам — гэта даволі шмат. За 5 даляраў можна было на дваіх зранку „зьняцца з ломкі“», — прыгадвае ён. Гэта значыць — пазбавіцца непрыемных адчуваньняў, якія ўзьнікаюць, калі не атрымліваеш наркотык.

Потым зьявілася макавая саломка, а за ёй і насеньне маку. На працягу 10 гадоў апіяты варыліся менавіта з макавага насеньня, якое было легальнае і вельмі даступнае. У тыя часы шмат людзей падсела на апіяты, і пачалася ўспышка ВІЧ-інфэкцыі.

На наркотыкі ў Сяргея сыходзіў ці ня ўвесь заробак. А працу мусіў знаходзіць такую, дзе можна было падладзіцца пад ягоны лад жыцьця. Кажа, што ўсе такія працы былі нелегальныя: для людзей з судзімасьцю і тых, хто на наркаўліку.

«Сысьці ад спажываньня вельмі складана. Тут нават не фізычныя ломкі, а псыхалягічныя бар’еры. Да замяшчальнай тэрапіі мяне максымум хапала на два месяцы. Ёсьць прага эўфарыі. Але людзі зь вялікім стажам часта ўжываюць наркотык дзеля таго, каб задушыць фізычны і душэўны боль. Наркотык патрэбны проста дзеля таго, каб нармальна сябе адчуваць».

У сярэдзіне 2000-х з рэабілітацыяй залежных ад наркотыкаў, па словах Сяргея, было прасьцей. Тады можна было платна прыйсьці ў дыспансэр і ня трапіць на афіцыйны наркаўлік. Дактары выпісвалі прэпараты, якія дапамагалі купіраваць фізычны боль падчас абстынэнтнага сындрому (ломкі). Так можна было некаторы час пратрымацца, каб не парушаць закон.

Як далучыўся да замяшчальнай тэрапіі

Сяргей стаў пацыентам праграмы 10 гадоў таму, адразу, як тая зьявілася ў Беларусі.

«Вельмі рады, што пайшоў на праграму. Дзякуючы ёй у мяне ўсе складаецца добра ў жыцьці», — усьміхаецца сёньня мужчына.

Цяпер Сяргей разам зь сябрам адкрыў вытворчасьць мэблі. Выконваюць прыватныя замовы, а іх прадукцыя стаіць, напрыклад, у крамах «Суседзі».

Сяргей кажа, што праз актывізм на яго пачалі ціснуць улады. Пасьля стварэньня арганізацыі «Твой шанец» аднойчы на вуліцы яго спыніла машына ДТС, завезьлі на камісію — і знайшлі ў мачы сьляды мэдычнага мэтадону. Праз гэта Сяргея пазбавілі правоў на тры гады і далі штраф 1000 даляраў.

Цяпер «Твой шанец» змагаецца за тое, каб пацыенты маглі браць прэпарат дадому на некалькі дзён.

«Я вось ужо 10 гадоў штодзень без выходных і сьвятаў езджу на замяшчальную тэрапію на вуліцу Маякоўскага. Гэта стварае складанасьці, і многія людзі, якія б хацелі пайсьці на тэрапію, адмаўляюцца».

Атрымаць тэрапію ў іншым горадзе ці нават краіне магчыма. Трэба толькі паведаміць доктару, дзе будзеш праходзіць лекаваньне. Той складае неабходныя дакумэнты, зь якімі можа зьвярнуцца па прэпарат у такі самы кабінэт у іншай краіне. Працэс займае каля 3–4 дзён, таму спантанна павандраваць ня ўдасца.

«У 2018 годзе я езьдзіў у Аўстрыю, Чэхію, Нідэрлянды і Літву і атрымліваў лекаваньне. Праўда, у Нідэрляндах трэба было заплаціць, а ў Чэхіі я прымаў бупрэнарфін».

«Я свайго наркамана на бізнэсмэна не прамяняю!»

Сяргей пэўны час думаў пра выхад з праграмы, але пакуль не наважыўся.

«Не хачу страціць сям’ю, працу. Больш за ўсё баюся, што зноў вярнуся на вуліцу, — кажа суразмоўца. — Існуюць мэтодыкі выхаду з праграмы: табе паступова паніжаюць дазіроўку. Часам думаю, што трэба паспрабаваць. Але потым нешта спыняе».

З жонкай пазнаёміўся 5 гадоў таму, але пераходзіць на іншы этап не ўдавалася — ён спажываў гераін.

«Як толькі я перайшоў на замяшчальную тэрапію, зьявілася шмат вольнага часу. Пайшоў на працу. Сабраў грошы на скутэр. Потым набыў машыну. Ажаніўся, зьявілася дзіця».

Дачка Сяргея яшчэ нічога ня ведае, але ён верыць, што прыйдзе час, калі прыйдзецца ёй распавесьці. Яна ўжо пытае, чаму тата некуды езьдзіць. Дарослыя мусяць прыдумляць гісторыі.

«У некаторых людзей, зь якімі я спажываў, зьявілася нават крыўда на мяне. Маўляў, я іх кінуў. Але ніхто ня хоча ісьці на праграму, ведаючы пра яе ўмовы».

Па словах Сяргея, у спажываньні характар чалавека кардынальна мяняецца. Але тое, што ўсе наркаманы крадуць рэчы з хаты, каб набыць чарговую дозу, — стэрэатып.

«Я ня ведаю, што можна перамагчы забаронамі. Становіцца толькі болей людзей, якія хаваюць спажываньне».

Стэрэатыпы і забароны толькі ўскладняюць жыцьцё. Гэтак, жонка Сяргея не распавядае на працы пра ягонае мінулае.

«Я працую пэдагогам, і мы мусім вучыць, што наркотыкі — гэта кепска. А тут выходзіць, што я жыву з чалавекам, які і не зусім кінуў. Нікому не патлумачыш, які ён у мяне добры, клапатлівы, гаспадарлівы. Аднойчы зайшла гаворка пра мужчын, дык я сказала сяброўкам: «Я свайго наркамана на бізнэсмэна не прамяняю!»

Яна Брыка: «Калі б не праграма, то мяне чакала б ці магіла, ці турма»

Яна Брыка — маладая і ўсьмешлівая жанчына. Яна жыве ў невялічкай кватэры ў цэнтры Менску з мужам і дачкой і працуе цырульніцай ужо 17 гадоў. Чатыры зь іх яна кліентка замяшчальнай тэрапіі.

Графік Яны выглядае інакш, чым у Сяргея. Спачатку яна адвозіць дачку ў школу, каля 9 раніцы едзе ў кабінэт замяшчальнай тэрапіі, а потым сьпяшаецца на працу. Кабінэт на вуліцы Перадавой — у будынку гарадзкога наркалягічнага дыспансэру. Праз дарогу — чыгуначныя рэйкі. Атмасфэра вельмі нагадвае культавы фільм 1990-х Trainspotting («На ігле»).

Пачала з экстазі. Як адбываецца прывыканьне

Жанчына пачала спажываць рэчывы з 2002 году, калі ёй было 16. Першы раз дала паспытаць сяброўка.

«Усё пачалося з дыскатэк і экстазі. Мне падавалася: „Я ніколі ня сяду на іглу!“ Але паступова хочацца больш і больш адчуваньняў».

Па словах Яны, прывыканьне не пачынаецца зь першага разу. Але «калі ты можаш кінуць, ты ня хочаш — не нагулялася, не накайфавалася. А калі хочаш — ужо ня можаш».

«Момант незвароту пачынаецца з думкі «Дзе б сёньня дастаць». Ты ня думаеш пра працу ды іншыя справы. А потым і засынаць пачынаеш з думкай «Як бы заўтра, кажучы на нашай мове, „раскумарыцца“».

Нягледзячы на ўсё большую залежнасьць, Яна працягвала працаваць. Праўда, усё горш і горш. Кліенты пачалі заўважаць зьмены ў яе паводзінах. Жанчына пастаянна пераносіла часы запісу, і паступова ўсе кліенты паадмаўляліся ад яе паслуг.

«Я не магла працаваць, пакуль я не ўжыву дозу, пакуль не палягчэе. Я тады прачыналася ўжо ў ломках».

Нарадзіла «на ігле»

Пра сваю цяжарнасьць Яна даведалася толькі на трэцім месяцы. Проста страціла прытомнасьць, завезьлі ў шпіталь. Дзіця Яна вырашыла пакінуць.

«Я адразу пабегла да гінэколяга і распавяла ёй усё: як я жыву, што ўжываю, якая ў мяне дазіроўка. Яна яшчэ 20 хвілін адыходзіла. Мы раіліся, як мне правільна „злазіць“ — адразу кідаць спажываць цяжарнай жанчыне нельга, вялікая рызыка выкідышу».

Цяпер Яна прызнаецца, што яе ня так палохала пэрспэктыва ломак, як пэрспэктыва спажываньня падчас цяжарнасьці.

Тады Яне першы раз прапанавалі стаць на замяшчальную тэрапію. Але яна адмовілася, бо «тады пра гэты мэтад было няшмат вядома, кліентамі былі адзінкі».

«Цяжарнасьць праходзіла добра, я сама нарадзіла. Усе ў шпіталі ведалі пра мяне, і загадчыца аддзяленьня трымала мяне за руку. Але ўсё роўна адчувала на сабе касыя позіркі, асабліва ад старых санітарак: «Як так можна?».

Дачку пасьля нараджэньня паклалі ў інкубатар і ў шпіталь, бо ў дзяцей апіятных спажыўцоў часта ёсьць абстынэнтны сындром ужо пры нараджэньні. Сёньня Янінай дачцэ ўжо 7 гадоў, яна ходзіць у першую клясу і ня мае праблем са здароўем.

Пайшла на праграму пад пагрозай, што забяруць дачку

Пасьля нараджэньня дачкі Яна ўвайшла ў рэмісію і перастала спажываць наркотыкі прыкладна на год. Перад вачыма быў прыклад мужа: ён спажываў наркотыкі штодзённа.

«Гэта быў проста жах. Я цэлы дзень сяджу зь дзіцем, а ён прыяжджае надвечар пад наркатой... Вельмі было цяжка, і псыхалягічна, і фізычна. Гэта як дрыгва: абавязкова нехта прапануе, і цябе зацягне наноў».

Хутка ён трапіў у турму, і за Яну ўзяліся сацыяльныя службы. Яны сказалі, што забяруць дзіця, калі яна ня кіне спажываць. Далі выпрабавальны тэрмін — паўгода. За гэты час жанчына мусіла даказаць, што сапраўды завязала з наркотыкамі. Таму яна вырашыла пайсьці на праграму.

«Дагэтуль я сама спрабавала кінуць некалькі разоў, праз рэабілітацыі таксама... Нічога не атрымлівалася. Табе падаецца, што ўсё, але праходзіць месяцы два-тры, і ты зноў зрываесься. Канчаткова кінуць атрымалася толькі на праграме».

Жанчына прызнаецца, што першы час на праграме ён нават сьніліся кашмары.

«Сьнілася, што я зноў іду па дозу. Прачыналася і разумела — усё добра, я ў хаце, дзіця побач, заўтра іду на праграму».

Трапіць на замяшчальную тэрапію мэтадонам Яне дапамог сябра, які працуе ў праграмах зьніжэньня шкоды.

Праз ЗТМ жыцьцё Яны кардынальна зьмянілася. Як сама кажа, ёй стала лягчэй: зьявілася ўпэўненасьць у заўтра: «Я ведаю, што не сарвуся і не пачну „калоцца“».

Жанчына зноў пачала працаваць. Памяняліся зацікаўленасьці, больш часу яна аддае дзіцяці і сям’і.

«Я стала бліжэй да сваіх сапраўдных цікаўнасьцяў. Калі спажывала, то забыла пра сябе, пра сваё дзіця... А на праграме ўсё стала здорава».

Дачка ня ведае пра мінулае мамы

Яна памяняла нумар тэлефону — каб не тэлефанавалі старыя сябры. Цяпер шмат камунікуе зь іншымі пацыентамі замяшчальнай тэрапіі. Нават не спажывае алькаголь — толькі на сьвяты. І заўсёды папярэджвае доктара.

Дачка Яны ня ведае пра маміна мінулае. Для яе яна проста штодзень езьдзіць па лекі.

«Я вырашыла, калі дачцэ стане 15–16 гадоў, я ёй усё распавяду. Я засынаю і прачынаюся з думкай: «Крый божа, калі ў яе будзе дурная кампанія».

На тэрапію Яна езьдзіць штодзень і ў любым стане: з тэмпэратурай, з хворай дачкой.

Усе знаёмыя Яны ведаюць, што яна пацыентка ЗТМ. У яе новы муж, які падтрымлівае жанчыну, возіць у вольны час на тэрапію.

«Вялікую памылку робяць тыя, хто нешта хавае ці недагаворвае... Калі ты адкрываесься, людзі больш пазытыўна ставяцца да цябе, бо бачаць, што ты ім давяраеш».

Паводле Яны, некаторыя баяцца расказваць пра сваю праблему, бо ня ведаюць, як адрэагуюць іншыя. Яшчэ шмат у каго захаваўся стэрэатып, што спажыўцы наркотыкаў нейкія «не такія».

Мінулае не адпускае, міліцыя не забывае, але...

Яна кажа, што і па сёньня да яе часта прыходзіць міліцыя, калі дзесьці здараецца крадзеж.

«Хтосьці можа мець падобную да мяне прычоску ці быць у такой жа куртцы, і ўсё, міліцыя думае, што я скрала. Не адпускае мяне маё мінулае... », — скардзіцца жанчына.

Падобныя стэрэатыпы захаваліся і пра людзей на замяшчальнай тэрапіі.

«Пра ЗТМ мала пакуль што вядома. Людзі ня ведаюць, якая гэта дапамога. Колькі моладзі забралі з вуліц! Колькі выратавалі жыцьцяў! Колькі дзяцей вярнулі ў сям’ю! Колькі дзяцей сталі больш шчасьлівымі, бо іх мама і тата зноў прыйшлі ў сябе! Гэта проста калясальная дапамога. Калі б не праграма, то мяне б чакала ці магіла, ці турма».

Жанчына плянуе паступова спыняць свой удзел у праграме.

«Галоўнае — пазбавіцца ад ігламаніі, жаданьня ўкалоцца. Яшчэ год таму я не была ўпэўненая ў сваіх сілах. Цяпер побач дзіця і муж — і я ўпэўненая, што нікуды не сьлізгану. І вялікі дзякуй за гэта праграме».

Наколькі эфэктыўная замяшчальная тэрапія мэтадонам?

Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне, Свабода зьвярнулася ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

Аналіз вынікаў ЗТМ паказвае яе эфэктыўнасьць для зьніжэньня рызыкі заражэньня ВІЧ-інфэкцыяй, зьніжэньня крымінальнай актыўнасьці і зьмяншэньня сьмяротнасьці сярод спажыўцоў іньекцыйных наркотыкаў (ПІН), адзначаюць у Мінздароўя.

Сярод пацыентаў ЗТМ у 6 разоў зьнізілася рызыка зьдзяйсьненьня злачынстваў, больш як у 10 разоў павысілася магчымасьць іх працаўладкаваньня, у 6 разоў павысілася магчымасьць атрыманьня антырэтравіруснай тэрапіі (АРВТ) сярод ВІЧ-інфікаваных.

З агульнай колькасьці пацыентаў замяшчальнай тэрапіі ВІЧ-інфікаваныя складаюць 32,4%, зь іх 71,9% атрымліваюць АРВТ.

У той жа час праграмы ЗТМ практычна не ўплываюць на захворвальнасьць на вірусны гепатыт — у 99% пацыентаў ЗТМ выяўлены вірус парэнтэральных гепатытаў.

Уключэньне ў праграмы ЗТМ значна павышае магчымасьці сацыяльнай адаптацыі — 52,5% пацыентаў ЗТМ працаўладкаваныя, у той час як сярод ПІН, якія не атрымліваюць ЗТМ, працу маюць толькі 4%.

У зарэгістраваным шлюбе знаходзяцца 30,1% пацыентаў ЗТМ, за ўвесь час рэалізацыі праграмаў ЗТМ у Беларусі ў жанчын, якія знаходзіліся на ЗТМ, нарадзілася 26 дзяцей.

Штоквартальна з праграмаў ЗТМ выбываюць каля 80 пацыентаў. Прычыны розныя:

  • 39% — самастойна пакідаюць праграму,
  • 38,7% — парушаюць рэжым праграмы,
  • 16,1% — турэмныя прысуды,
  • 5,7% — сьмерць,
  • 0,5% — іншыя прычыны.

Паказчык утрыманьня ў праграме (колькасьць пацыентаў, якія атрымліваюць ЗТМ больш за 6 месяцаў) — больш за 62,0%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска пераехала ў Нью-Ёрк і за свае грошы зьняла фільм пра «Матчын рух 328»