Улады Бурундзі забаранілі «Голас Амэрыкі» і ВBС

Улады Бурундзі ўвялі забарону на вяшчаньне міжнародных мэдыякарпарацый «Голас Амэрыкі» і ВВС. Гэтая забарона таксама распаўсюджваецца на мясцовых журналістаў, яны пазбаўлены права супрацоўнічаць з радыёстанцыямі, паведаляе "Голас Амэрыкі".

Ва ўсясьветным рэйтынгу свабоды прэсы — 2018 Бурундзі займае 159 месца са 180 краінаў.

Аманда Бэнэт, дырэктарка «Галасу Амэрыкі», заявіла: «Мы занепакоеныя тым, што журналістам у Бурундзі цяпер забаронена ўступаць у кантакт з „Голасам Амэрыкі“, і я ўпэўненыя, што пагрозы, якія працягваюцца на адрас нашых журналістаў, пагаршаюць сытуацыю са свабодай слова ў гэтай краіне».

ВВС таксама асудзіла рашэньне Бурундзі, назваўшы яго «сур’ёзным ударам па свабодзе слова».

У траўні 2018 года, напярэдадні правядзеньня рэфэрэндуму аб новай канстытуцыі, улады Бурундзі замарозілі вяшчаньне «Галасу Амэрыкі» і ВВС на 6 месяцаў.

Рэйчэл Нікалсан, дасьледчык праваабарончай арганізацыі Amnesty International, лічыць, што забарона на вяшчаньне ВВС можа быць абумоўлена тым, што брытанская вяшчальная карпарацыя выпусьціла ў эфір праграму, у якой распавядалася пра дзеяньні спэцслужбаў Бурундзі, якія выкарыстоўваюць сакрэтныя турмы для барацьбы з дысыдэнтамі. У сваю чаргу, «Голас Амэрыкі» даў працу аднаму з апазыцыйных Бурундзі журналістаў.

У тэлефонным інтэрвʼю «Голасу Амэрыкі» дарадца прэзыдэнта Бурундзі Вілі Ньямітвэ заявіў, што забарона была ўведзена з-за таго, што «Голас Амэрыкі» і ВВС распаўсюджвалі «хлусьлівую інфармацыю» пра Бурундзі.