Гадзіньнікі Apple Watch распазнаюць сардэчную арытмію

Гадзіньнік Apple Watch

Наручныя гадзіньнікі Apple Watch, як паказала дасьледаваньне, здольныя распазнаваць арытмію ў працы сэрца чалавека. Уладальнік гадзіньніка атрымлівае папярэджаньне аб неабходнасьці правядзеньня комплекснага абсьледаваньня сэрца. Як паведамляе Reuters, маніторынг, праведзены кампаніяй Apple, паказаў, што спажывецкія тавары патэнцыйна могуць дапамагаць у дыягностыцы стану арганізма.

Дасьледнікі спадзяюцца, што тэхналёгіі, ужытыя ў гадзіньніках Apple Watch, дапамогуць загадзя выяўляць фібрыляцыю перадсэрдзяў — найбольш распаўсюджаную форму арытміі. Рызыка інфаркту ў пацыентаў з такой формай арытміі, калі яны не зьвяртаюцца да лекараў, у пяць разоў перавышае рызыкі ў астатніх людзей.

Згоду на ўдзел у маніторынгу далі больш за 400 тысяч карыстальнікаў гадзіньнікаў Apple Watch. Абнародаваньне вынікаў адбылося ў суботу ў Амэрыканскім каледжы кардыялёгіі ў Новым Арлеане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лічба дня: колькі вы будзеце працаваць на новы айфон

Дзьве тысячы ўдзельнікаў экспэрымэнту, або паўпрацэнта ад іх агульнай колькасьці, атрымалі ад сваіх наручных гадзіньнікаў паведамленьне аб парушэньні пульсу. Гэтыя людзі былі накіраваныя да мэдыкаў для правядзеньня электракардыяграфіі, каб пацьвердзіць або абвергнуць паказаньні датчыкаў у гадзіньніках Apple Watch. У адной траціны ўдзельнікаў, гадзіны якіх зарэгістравалі нерэгулярны пульс, пры ЭКГ пацьвердзілася мігальная арытмія. У 84 адсоткаў удзельнікаў дасьледаваньня, якія атрымалі паведамленьне аб арытміі, лекары выявілі, што у гэтых пацыентаў сапраўды былі выпадкі мігальнай арытміі.