Прэм’ер-міністар Італіі заявіў, што працуе над адменай санкцый супраць Расеі

Архіўнае фота. Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін і прэм'ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ (зьлева направа) падчас сустрэчы ў Крамлі

Прэм’ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ заявіў 8 сакавіка, што працуе над спробай пакласьці канец міжнародным санкцыяў супраць Расеі, якія, на думку Рыма, неэфэктыўныя і наносяць шкоду італьянскай эканоміцы. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Выступаючы на зьнешнепалітычнай канфэрэнцыі ў Генуі, Контэ сказаў, што санкцыі, уведзеныя пасьля анэксіі Крыму Расеяй у 2014 годзе, ніколі не павінны станавіцца самамэтай. Калі яго спыталі, ці хоча Італія іх адмяніць, ён адказаў: «Мы працуем над гэтым».

У мінулым годзе Контэ заяўляў, што выступае за перагляд санкцый, уведзеных супраць Расеі за агрэсію ва Ўкраіне, аднак сьцьвярджаў, што санкцыі захоўваюцца.

Міжнародная супольнасьць прызнала акупацыю і анэксію Крыму незаконнымі і асудзіла дзеяньні Расеі. Краіны Захаду ўвялі супраць яе эканамічныя санкцыі. Расея адмаўляе акупацыю паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».

Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла датай пачатку часовай акупацыі Расеяй Крыму і Севастопаля 20 лютага 2014 году.