Расейскія сілавікі адпусьцілі затрыманага ў Крыме архіяпіскапа Клімента

Архіяпіскап Сімферопальскі і Крымскі Клімент

Затрыманага расейскімі сілавікамі ў Крыме архіяпіскапа Крымскай япархіі Праваслаўнай царквы Ўкраіны (ПЦУ) Клімента толькі што адпусьцілі. Пра гэта сайту Крым.Реалии паведаміў расейскі адвакат Мікалай Полазаў.

Украінская амбудсмэнка Людміла Дзянісава ўвечары 3 сакавіка паведаміла, што гаварыла па тэлефоне з упаўнаважанай у пытаньнях правоў чалавека ў Расеі Тацянай Маскальковай, якая заявіла, што «ў дзеяньнях затрыманага архіяпіскапа Клімента ня выяўлена ніякіх парушэньняў, таму ў 20.00 паводле Кіеўскага часу яго маюць адпусьціць».

Раней затрыманы расейскімі сілавікамі ў Крыме архіяпіскап Крымскай япархіі Праваслаўнай царквы Ўкраіны (ПЦУ) Клімент паведаміў сайту Крым.Реалии, што яго абвінавацілі ў тым, што ён, знаходзячыся на сімферопальскім рынку, «лаяўся нецэнзурнай лаянкай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Архіяпіскапа ПЦУ Клімента абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы на рынку ў Сімферопалі

Разам з тым расейскія сілавікі сьцьвярджалі, што архіяпіскапа Клімента затрымалі на аўтавакзале Сімферопалю нібыта паводле падазрэньня ў наяўнасьці ў яго торбах рэчаў, «скрадзеных з царквы». Архіяпіскап Клімент паведаміў, што справа супраць яго сфабрыкаваная.

Паводле дадзеных прэс-службы ПЦУ, архіяпіскап Клімент, які займае пасаду старшыні Праваслаўнай місіі дапамогі ахвярам парушэньня правоў чалавека і асобам, пазбаўленым свабоды, плянаваў наведаць судовы разбор справы арыштаванага ў Расеі грамадзяніна Ўкраіны Паўла Грыба ў Растове-на-Доне.

У Міністэрстве замежных справаў Украіны занепакоеныя паведамленьнямі аб затрыманьні расейскімі сілавікамі ў анэксаваным Расеяй Крыме архіяпіскапа ПЦУ Клімента. Украінскае зьнешнепалітычнае ведамства мае намер прыцягнуць увагу да гэтага факту на міжнародных пляцоўках, у тым ліку ў ААН, АБСЭ і Радзе Эўропы.