Парашэнка падпісаў закон пра нядопуск на выбары расейскіх назіральнікаў

Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне пройдуць 31 сакавіка

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў закон «Аб унясеньні зьменаў у некаторыя законы Ўкраіны па назіраньні за выбарчым працэсам ва Ўкраіне», які робіць немагчымым удзел расейскіх назіральнікаў у выбарах ва Ўкраіне.

Паводле зьменаў, «афіцыйным назіральнікам ад замежных дзяржаваў, міжнародных арганізацыяў ня можа быць асоба, якая мае грамадзянства (падданства) дзяржавы, прызнанай Вярхоўнай Радай Украіны дзяржавай-агрэсарам або дзяржавай-акупантам». Гэтая забарона таксама датычыцца асоб, прапанаваных дзяржавай, прызнанай Вярхоўнай Радай Украіны дзяржавай-агрэсарам або дзяржавай-акупантам, — гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік МЗС Беларусі: Украіна ідзе ў правільным кірунку

Закон Вярхоўная Рада прыняла 7 лютага. Ён уступае ў сілу з наступнага дня пасьля апублікаваньня.

У Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе выказалі глыбокае шкадаваньне з прычыны рашэньня Ўкраіны не дапускаць да назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі назіральнікаў з Расеі.