Індыя разбамбіла лягер ваяўнікоў на тэрыторыі Пакістану

Індыйскі самалёт на вучэньнях 16 лютага 2019

Дванаццаць самалётаў індыйскіх вайскова-паветраных сілаў «Міраж-2000» скінулі 1000-кіляграмовыя бомбы на лягер кашмірскіх ваяўнікоў на тэрыторыі Пакістану.

Міністар замежных спраў Індыі Віджай Гокгале заявіў журналістам, што бамбаваньне зьнішчыла «вялікую колькасьць» прадстаўнікоў тэрарыстычнай групоўкі Джаіш-э-Мухамад, у тым ліку іх камандзіраў, і што пры гэтым не пацярпелі цывільныя асобы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дэмакратыя — найлепшая помста». Жыцьцё і сьмерць першай жанчыны-лідэркі мусульманскай краіны

Пакістанскае камандаваньне падняло ў паветра самалёты F16 для ўдару па індыйскіх самалётах, але вярнула свае экіпажы на базу, разьлічыўшы, што ня зможа справіцца з такім лікам індыйскіх самалётаў, гаворыцца ў паведамленьнях пра інцыдэнт.

Як адзначае Бі-бі-сі, сёньняшняе бамбаваньне — першы удар праз гэтак званую лінію кантролю — фактычную мяжу паміж Індыяй і Пакістанам у Кашміры — ад часу апошняй вайны паміж гэтымі дзьвюма дзяржавамі ў 1971 годзе.