На сустрэчу «Усходняга партнэрства» ў Менску не прыедуць першыя дзяржаўныя асобы — крыніца ў Брусэлі

Саміт «Усходняга партнэрства» ў Брусэлі, 2017 год.

Пяты саміт «Усходняга партнэрства» Беларусь прапанавала правесьці ў Менску. Але, як вынікае зь інфармацыі, атрыманай Свабодай у Брусэлі, у Менску ў кастрычніку будзе праходзіць іншая сустрэча.

У Менску не чакаюць саміту на ўзроўні прэзыдэнтаў і прэм’ер-міністраў, сустрэча будзе на іншым высокім узроўні, яе прысьвецяць тэме адукацыі і дасьледаваньняў, паведаміў са спасылкай на інфармаваныя крыніцы карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь прапанавала правесьці сёлета юбілейны саміт «Усходняга партнэрства» ў Менску

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сказаў 21 лютага, што Беларусь прапанавала правесьці сёлета юбілейны саміт «Усходняга партнэрства» ў Менску. Паводле яго, цяпер гэтая прапанова абмяркоўваецца.

Уладзімер Макей

Паводле інфармацыі Юзьвяка, сустрэча пройдзе сёлета ў кастрычніку. Таксама сапраўды чакаецца, што ў рамках праграмы «Ўсходняга партнэрства» Беларусь у кастрычніку будзе прымаць, як выказаліся крыніцы, «падзею высокага ўзроўню».

Першы саміт «Усходняга партнэрства» прайшоў у 2009 годзе.