Прэзыдэнт Эўразьвязу выступіў па-ўкраінску ў Вярхоўнай Радзе ў Кіеве

Your browser doesn’t support HTML5

Дональд Туск чытае ў Вярхоўнай Радзе верш пра Майдан па-ўкраінску

Прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Дональд Туск 19 лютага ўдзельнічаў у пасяджэньні Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў Кіеве, прысьвечаным пятай гадавіне «рэвалюцыі годнасьці» (Эўрамайдану) і разгону мірных мітынгаў на Майдане.

Перад пачаткам пасяджэньня Туск разам з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам ушанавалі памяць «герояў Нябеснай сотні» (больш за сотню пратэстоўцаў, расстраляных снайпэрамі 18-19 лютага 2014 году). Туск таксама прачытаў вершы пра Майдан на ўкраінскай мове ўраджэнкі Львову Галіны Крук і даў пяць парадаў Украіне для больш шчыльнай інтэграцыі з ЭЗ:

«Да гэтага часу чую словы верша Галіна Крук, якія былі напісана ў тыя драматычныя лютаўскія дні» — растлумачыў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 гадоў таму забілі Міхася Жызьнеўскага. Гісторыя жыцьця, сьмерці і ўганараваньня беларускага Героя Ўкраіны

«Шмат хто з нас пачуў ваш крык і ўслухаліся ў яго. І мы зразумелі, нават калі камусьці для гэтага спатрэбілася шмат часу, — заявіў Туск украінскім дэпутатам, прачытаўшы верш. — І таму сёньня тут, у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, магу паўтарыць перад вамі не толькі ад свайго імя, але ад імя ўсяго Эўрапейскага Зьвязу: мы з вамі».

Падчас пасяджэньня Рады з удзелам Туска прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў закон аб унясеньні зьменаў у Канстытуцыю Ўкраіны, якія замацоўваюць стратэгічны курс Кіева ў Эзразьвяз і NATO (7 лютага гэты закон быў прыняты Вярхоўнай Радай). Парашэнка паабяцаў, што да 2023 ён зробіць усё, каб унесьці заяўку на ўступленьне Ўкраіны ў ЭЗ і ў Паўночнаатлянтычны альянс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі Ўкраіна зможа далучыцца да NATO і Эўразьвязу? Тлумачым па пунктах