На рыштаваньнях, усталяваных на саборы ў брытанскім горадзе Солсбэры, дзе ў сакавіку летась былі атручаныя былы супрацоўнік расейскага ГРУ Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія, у ноч на нядзелю быў вывешаны вялікі расейскі сьцяг.
Фотаздымкі са сьцягам на фоне сабора — галоўнага турыстычнага аб’екту Солсбэры — былі апублікаваныя ў сацыяльных сетках, выклікаўшы гнеўную рэакцыю шэрагу камэнтатараў.
Мясцовы жыхар Лі Марцін, адзін з тых, хто апублікаваў фота са сьцягам, напісаў у твітэры: «Як толькі наважваецца нейкі ідыёт так зьневажаць наш горад. Пасьля ўсяго таго, што гэты горад перажыў, яму такое не патрэбна».
@BBCBreaking @journalupdate @SpireFM How dare some stupid fool disrespect our city. After everything this city has got through it does not need this. #salisbury #youwontbringusdown pic.twitter.com/y30vESR7gA
— Lee Martin (@lmjm12) February 17, 2019
Хто менавіта вывесіў сьцяг — незразумела. Многія камэнтатары мяркуюць, што гаворка ідзе пра «тролінг» або чорны гумар.
Паведамляецца, што сьцяг, які з прычыны яго велізарных памераў было відаць здалёк, правісеў нядоўга і быў зьняты.
Russian flag hung from Salisbury cathedral this morning, but quickly removed before services pic.twitter.com/x22kFYblbh
— james mcc (@james1mcc) February 17, 2019
Брытанскія ўлады афіцыйна абвінавацілі Расею ў датычнасьці да атручэньня Скрыпалёў рэчывам «Навічок» (бацька і дачка выжылі пасьля замаху, памерла брытанская грамадзянка, якая таксама кантактавала з рэчывам). Названыя імёны некалькіх падазраваных — мяркуецца, што гэта агенты расейскай вайсковай выведкі. Двое з іх, што наведалі Брытанію з пашпартамі на імя Руслана Башырава і Аляксандра Пятрова, у інтэрвію тэлеканалу RT сьцьвярджалі, што прыяжджалі ў Солсбэры як турысты, каб «паглядзець на знакаміты шпіль» мясцовага «Солсбэрэцкага сабора».