Кіраўнік Службы дзяржаўнай бясьпекі Ўзбэкістану Іхтыёр Абдулаеў, пра адстаўку якога з прычыны стану здароўя раней паведамлялі ўзбэцкія СМІ, быў затрыманы ў дзень звальненьня паводле падазрэньня ў карупцыі.
Пра гэта паведамляе Ўзбэцкая служба Радыё Свабода са спасылкай на свае крыніцы. Паводле зьвестак крыніц, Абдулаеў затрыманы на месяц і дапытваецца ў сьледчым ізалятары Службы дзяржаўнай бясьпекі.
11 лютага шэраг выданьняў паведамілі пра адстаўку Абдулаева з прычыны стану здароўя. У паведамленьнях адзначалася, што за апошні год ён перанёс дзьве складаныя хірургічныя апэрацыі на шыйнай і паясьнічнай частках хрыбетніка, а таксама апэрацыю на вочы. 52-гадовы Абдулаеў узначальваў Службу дзяржаўнай бясьпекі з 31 студзеня 2018 году, да гэтага ён быў генэральным пракурорам і дэпутатам верхняй палаты парлямэнту Ўзбэкістану.
Паводле інфармацыі Ўзбэцкай службы Радыё Свабода, ужо 11 лютага Абдулаеў быў затрыманы. Яго падазраюць у злоўжываньні ўладай ды атрыманьні і дачы хабару.
Некаторыя крыніцы адзначаюць, што ў Абдулаева мог быць канфлікт з прэзыдэнтам Узбэкістану Шаўкатам Мірзіёевым пасьля таго, як той даведаўся, што Служба дзяржаўнай бясьпекі праслухоўвала тэлефонныя размовы яго сямейнікаў і ўстанавіла за імі назіраньне.