Дзяржаўны доўг ЗША дасягнуў гістарычнага максымуму

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Аб’ём дзяржаўнага доўгу ЗША, паводле дадзеных Міністэрства фінансаў краіны, упершыню ў гісторыі перавысіў адзнаку ў 22 трыльёны даляраў. З тых часоў, як Дональд Трамп заняў пасаду прэзыдэнта ЗША, дзярждоўг вырас больш як на 2 трыльёны даляраў.

Рост дзяржаўнага доўгу паскорыўся пасьля таго, як у сьнежні 2017 году на ініцыятыву Дональда Трампа была праведзеная падатковая рэформа. У выніку фэдэральны бюджэт недаатрымаў паўтара трыльёна даляраў. На ўзровень запазычанасьці таксама паўплывалі законы аб павелічэньні выдаткаў на вайсковыя і ўнутраныя патрэбы.

Дзяржаўны доўг ўяўляе сабой суму гадавога дэфіцыту фэдэральнага бюджэту. Згодна з прагнозам бюджэтнага кіраваньня Кангрэсу ЗША, у 2019 годзе дэфіцыт складзе 897 мільярдаў даляраў. Гэта на 15 адсоткаў вышэй, чым у 2018 годзе.

Акрамя таго, ведамства прагназуе, што аб’ёмы дэфіцыту будуць штогод павялічвацца і дасягнуць 1 трыльёна даляраў да 2022 году. Павелічэньне тэмпаў росту дэфіцыту адбываецца з прычыны росту выдаткаў на сацыяльную дапамогу і на сыстэму мэдыцынскага страхаваньня для людзей, старэйшых за 65 гадоў.

У Белым доме сьцьвярджаюць, што новая падатковая рэформа акупіцца, паколькі яна павінна падштурхнуць рост эканомікі. Аднак многія эканамісты не падзяляюць гэтага погляду.