Менскія ўлады перадумалі зносіць Сельгаспасёлак

Менскі Сельгаспасёлак, фота 2015 году

Улады сталіцы адмовіліся ад заплянаванага раней зносу прыватных дамоў у Сельгаспасёлку, расказалі Realty.tut.by ў Менгарвыканкаме.

Праўда, гэтае рашэньне ўжо не ўратуе 29 прыватных дамоў у межах вуліц Леаніда Бяды — 1-й Пасялковай — Усходняй і 1-й Базіснай, якія пойдуць пад знос па выніках сьнежаньскага аўкцыёну. Тут зьявяцца апошнія шматпавярховікі Сельгаспасёлку.

Сельгаспасёлак знаходзіцца ў Савецкім раёне Менску, у раёне вуліц Бяды, Някрасава, Халтурына і Алешава. Тут у асноўным знаходзіцца прыватны сэктар. Заходнюю частку пасёлка з дыхтоўнымі дамамі і амбасадамі вырашылі захаваць раней, а вось над усходняй часткай некалькі гадоў таму навісла пагроза зносу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канфлікт у Сельгаспасёлку: як менскае балота стала ласым кавалкам для горадабудаўнікоў

У 2015 годзе на гэтую тэрыторыю прынялі праект дэталёвага плянаваньня (ПДП), згодна зь якім з 881 дома трэба было захаваць толькі 281. Астатняе — пад знос для будаўніцтва шматпавярховак, школы, дзіцячых садкоў і разьвіцьця вулічна-дарожнай сеткі. Мясцовыя жыхары збольшага былі катэгарычна супраць зносу, але тады гэта нічога не зьмяніла.

У канцы 2018 году ініцыятыўная група жыхароў Сельгаспасёлку выйшла на новага старшыню Менгарвыканкаму Анатоля Сівака і ўзьняла пытаньне захаваньня сядзібнай забудовы. Ён ня раз выяжджаў на месца, сустракаўся зь людзьмі і слухаў іх довады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 самых праблемных будоўляў Менску. Што рабіць, калі ваш двор ці парк забудоўваюць

Па выніках сустрэч у Менгарвыканкаме прынялі рашэньне не чапаць прыватны сэктар у Сельгаспасёлку і прыняць новы ПДП на гэтую тэрыторыю. Таксама прынятае рашэньне перагледзець усю палітыку ў дачыненьні прыватнага сэктару ў сталіцы.

«У горадзе можа быць рознаплянавая забудова, у тым ліку і сядзібная. Галоўнае пытаньне — у камфортнасьці асяродзьдзя. І калі ў Сельгаспасёлку людзі самі могуць стварыць камфортнае асяродзьдзе, то іх ня трэба мучыць, а трэба даць ім гэтую магчымасьць», — кажа галоўны архітэктар Менску Павел Лучыновіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўтары тысячы жыхароў менскага Сельгаспасёлку змагаюцца супраць прымусовага перасяленьня