Міністэрства юстыцыі ЗША паведаміла аб выстаўленьні абвінавачаньня ў арганізацыі незаконных угодаў у пазыках і вымаганьні чальцу злачыннай арганізацыі «Коза Ностра» са штату Філядэльфія і ягонаму памагатаму.
Абвінавачаныя гвалтам і пагрозамі вымушалі людзей рабіць выплаты па пазыках грошай пад значныя адсоткі, якія пракуроры называюць рабаўніцкімі. Абвінавачаным пагражае да 20 гадоў турмы і штрафы да 250 тысяч даляраў.
Дзейнасьць амэрыкана-італьянскіх крымінальных арганізацыяў ёсьць трывалым фэномэнам у ЗША, нягледзячы на намаганьні праваахоўных органаў, і была адлюстраваная ў шматлікіх мастацкіх і дакумэнтальных кінастужках. Злачынствы крымінальных груповак вылучаныя законам ЗША ў асобную катэгорыю, а кіраўнікі крымінальных арганізацыяў могуць панесьці пакараньне за злачынствы, учыненыя падначаленымі.
У 2011 годзе пракуратура ЗША правяла адну з найбуйнейшых апэрацыяў супраць мафіёзных груповак у гісторыі краіны. Падчас адной апэрацыі арыштавалі і абвінавацілі ў розных злачынствах больш за 100 падазраваных, зьвязаных з мафіяй.
Тым часам у Расеі злачынствы і гвалт з боку калектараў становяцца звыклай справай: бывае, за запазычанасьці незаконна ладзяць пагромы кватэраў, падпалы, зьбіваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі былога «марозаўца» пакаралі за вымагальніцтва са зброяйГенэральная пракуратура Беларусі год таму прапаноўвала Міністэрству юстыцыі рэглямэнтаваць дзейнасьць калектарскіх кампаніяў (якія цяпер «фактычна бескантрольныя») і прадугледзіць асаблівую адказнасьць за злачынствы калектараў. СМІ паведамлялі, што да паслуг калектараў, якія ўжываюць сумнеўныя пагрозы, зьвярталіся ў тым ліку буйныя беларускія кампаніі кшталту правайдэраў і мабільных апэратараў.