Грэцкі парлямэнт ухваліў новую назву Македоніі

Пратэст перад грэцкім парлямэнтам супраць пагадненьня аб перайменаваньні Македоніі, 24 студзеня 2019

Грэцкі парлямэнт ратыфікаваў пагадненьне аб перайменаваньні Македоніі ў Рэспубліку Паўночная Македонія. За падтрымку перайменаваньня выказаліся 153 дэпутаты, супраць 146. Дэбаты ў парлямэнце працягваліся больш за 38 гадзін.

Раней праз спрэчкі аб новай назьве Македоніі распаўся грэцкі кааліцыйны ўрад, а ў мітынгу супраць перайменаваньня ў Атэнах прынялі ўдзел каля 100 тысяч чалавек.

Супраць перайменаваньня суседняй краіны ў Рэспубліку Паўночная Македонія выступаюць больш за 70 адсоткаў грэкаў, паведамляла брытанская газэта The Guardian са спасылкай на мясцовыя сацыялягічныя апытаньні.

Раней у студзені парлямэнт Македоніі ўхваліў канстытуцыйныя папраўкі аб перайменаваньні дзяржавы.

Спрэчка пра назву краіны пачалася ў 1991 годзе пасьля абвяшчэньня незалежнасьці гэтай былой югаслаўскай рэспублікі. Рознагалосьсі былі выкліканыя тым, што ў складзе Грэцыі ёсьць гістарычны рэгіён Македонія. Грэцкія нацыяналісты лічаць, што іншыя краіны ня маюць права карыстацца назвай гістарычнага рэгіёну іх краіны. Афіцыйныя Атэны асьцерагаліся будучых тэрытарыяльных прэтэнзій з боку Македоніі.

У новай назвы краіны ёсьць апанэнты і ў Македоніі. У верасьні праз заклікі апазыцыі байкатаваць галасаваньне праваліўся рэфэрэндум аб перайменаваньні краіны. Супраць перайменаваньня выступаў прэзыдэнт краіны Гёрге Іванаў.

Прыхільнікі ідэі перайменаваньня Македоніі лічаць, што зьмена назвы дазволіць краіне ў пэрспэктыве ўвайсьці ў Эўразьвяз і NATO.