Танкеры, якія згарэлі ля берагоў Крыму, незаконна перавозілі газ у Сырыю, — украінскае міністэрства

Пажар на танкеры ля берагоў Крыму, 21 студзеня 2019 году

Два судны, на якіх ля берагоў Крыму адбыўся выбух і пажар, былі задзейнічаныя ў незаконнай перавозцы звадкаванага газу ў Сырыю, паведамляе Міністэрства ў пытаньнях часова акупаваных тэрыторый Украіны.

«Паводле дадзеных Офіса кантролю за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC), судны Venice (Candy) і Maestro задзейнічаныя ў незаконных пастаўках газу ў Сырыю, пачынаючы з 2016 году», — гаворыцца ў паведамленьні.

У прэс-службе ўкраінскага міністэрства адзначаюць, што на згарэлых суднах не працавала сыстэма AIS (Automatic Identification System), каб пазьбегнуць адказнасьці з боку ўкраінскага заканадаўства і ня трапіць у сьпіс кампаній-парушальніц, да якіх могуць прымяняцца міжнародна-прававыя санкцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Керчанскай пратоцы загарэліся два танкеры, 10 чалавек загінулі

«Расея заахвочвае масавыя адключэньні суднамі сыстэмы AIS, а прыведзены прыклад яшчэ раз дэманструе, як яна грэбуе нормамі міжнароднага права. На гэты раз аварыя прывяла да страшных наступстваў — сьмерці людзей», — адзначана ў паведамленьні.

У міністэрстве адзначылі, што сыстэма AIS дазваляе своечасова рэагаваць на аварыі суднаў і аказваць дапамогу пацярпелым, адсочваць парушэньні руху караблёў і незаконнае перасячэньне межаў.

Пры гэтым ва ўрадзе Ўкраіны сьцьвярджаюць, што танкеры, якія згарэлі, прыцягваліся да паставак газу, здабытага як з украінскага шэльфу, так і зь іншых краінаў. Названыя судны раней уваходзілі ў закрытыя парты анэксаванага Крыму.

21 студзеня ля берагоў Крыму адбыліся выбух і пажар на двух танкерах Venice (папярэдняя назва Candy) і Maestro, якія ішлі пад сьцягам Танзаніі.

На борце танкера Maestro знаходзіліся 14 чалавек — грамадзяне Турэччыны і Індыі, на борце танкера Candy — 17 чалавек, таксама грамадзяне Турэччыны і Індыі. Паводле ўкраінскага журналіста Андрэя Кліменкі, танкеры належаць турэцкай кампаніі Milenyum Denizcilik Gemi, якая знаходзіцца ў «сырыйскім санкцыйным сьпісе ЗША».

Паводле дадзеных СМІ, у выніку здарэньня загінулі ня менш за 14 чалавек, расейскае Фэдэральнае агенцтва марскога і рачнога транспарту паведамляе пра гібель 10 маракоў. Сьледчы камітэт Расеі па факце гібелі людзей завёў крымінальную справу паводле артыкулу «прычыненьне сьмерці празь неасьцярожнасьць дзьвюм і больш асобам».

З ліпеня 2014 году ўрад Украіны афіцыйна спыніў функцыянаваньне ўсіх партоў анэксаванага Расеяй паўвострава, гавані Крыму закрытыя для міжнароднага суднаходзтва.