Грамадзянін Расеі з нажом напаў на жанчыну ў Осла. Паліцыя высьвятляе сувязі з экстрэмістамі

У сталіцы Нарвэгіі Осла паліцыя затрымала грамадзяніна Расеі, які ў цэнтры гораду напаў з нажом на жанчыну. Пацярпелая знаходзіцца ў крытычным стане.

Нападнік заявіў, што плянаваў зрабіць тэракт і хацеў забіць як мага больш людзей, паведамляе Ройтэрс са спасылкай на кіраўніцу службы бясьпекі Нарвэгіі Марыю Бэнэдыктэ Бёрнлан. Паводле яе, паліцыя высьвятляе магчымыя сувязі інцыдэнту з ісламскім экстрэмізмам.

Як паведаміла паліцыя, 20-гадовы ўраджэнец Башкірыі прыбыў у Нарвэгію праз Швэцыю 17 студзеня. Сьледзтва мяркуе, што сваю ахвяру ён абраў выпадкова. Ён напаў на жанчыну ў чарзе на касу прадуктовай крамы, ударыўшы яе нажом у сьпіну.