Два зьнішчальнікі Су-34 сутыкнуліся над Японскім морам

Ілюстрацыйнае фота. Самалёты Су-34

Два зьнішчальнікі-бамбавікі Су-34 сутыкнуліся над Японскім морам за 35 км ад берага. Пра гэта паведамляе агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на афіцыйнае паведамленьне Мінабароны Расеі.

Самалёты зьніклі з радараў падчас палёту раніцай 18 студзеня паводле маскоўскага часу. Адзін Су-34 пасьля сутыкненьня ўпаў у мора. Другому, паводле папярэдніх дадзеных, удалося сесьці, пры тым што рухавік самалёта адмовіўся працаваць.

Зьнішчальнікі-бамбавікі выконвалі плянавыя палёты з аэрапорту Хурба, разьмешчанага за 17 км ад Камсамольска-на-Амуры. Пілёты, паводле папярэдніх дадзеных, жывыя. Плыт з катапультаваным экіпажам аднаго з самалётаў знойдзены ў Татарскім праліве, паведамляе крыніца «Інтэрфаксу».

Самалёт Су-34 распрацаваны кампаніяй «Сухой». Прыняты на ўзбраеньне ў 2014 годзе. Па падліках Цэнтру аналізу стратэгій і тэхналёгій, у 2018 годзе ў расейскую армію былі пастаўленыя 12 зьнішчальнікаў такога тыпу.