У Зымбабвэ ўлады жорстка расправіліся з пратэстамі. Дзясяткі параненых і сотні арыштаваных

Арыштаваныя зымбабвійцы чакаюць сваёй чаргі для зьяўленьня перад судом. Харарэ, 16 студзеня 2019

У Зымбабвэ ўлады прыцягваюць да судовай адказнасьці людзей, якія на працягу некалькіх апошніх дзён бралі ўдзел у пратэстах супраць рэзкага павышэньня цэнаў на паліва. Сусьветныя агенцтвы паведамляюць, што 17 студзеня ўладам удалося ўзяць сытуацыю ў сталіцы краіны Харарэ пад кантроль.

Каб здушыць пратэсты, паліцыя ўжыла агнястрэльную зброю, параніўшы як мінімум 68 чалавек. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters, спасылаючыся на заяву асацыяцыі мясцовых лекараў-праваабаронцаў. Лекары таксама паведамілі, што ў выніку сутычак пратэстоўцаў з паліцыяй цялесныя пашкоджаньні атрымалі каля 200 чалавек.

Паводле паведамленьняў дзяржаўнай вяшчальнай кампаніі ZBC, улады Зымбабвэ на працягу некалькіх апошніх дзён арыштавалі больш за 600 чалавек, якія бралі ўдзел у антыўрадавых пратэстах.

Прэзыдэнт Зымбабвэ Эмэрсан Мнангагва, які сёньня, 17 студзеня, знаходзіцца з афіцыйным візытам у Беларусі, назваў пратэсты «бессэнсоўным гвалтам і цынічным разбурэньнем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры тэзісы па выніках сустрэчы Лукашэнкі з прэзыдэнтам Зымбабвэ