У Менску 15 чалавек судзяць за карупцыю ў лясной гаспадарцы

Суд у Менску, архіўнае фота

Суд Цэнтральнага раёну Менску пачаў разгляд справы аб карупцыі ў сыстэме Міністэрства лясной гаспадаркі. На лаве падсудных 15 чалавек, у тым ліку былыя службовыя асобы міністэрства, паведамляе БелТА.

У залежнасьці ад абвінавачаньня дзеяньні падсудных кваліфікуюць як хабарніцтва, ухіленьне ад выплаты падаткаў, ухіленьне ад выплаты мытных пошлінаў.

Паводле абвінавачаньняў, падсудныя прадавалі высакаякасныя піламатэрыялы пад выглядам нізкаякаснай сыравіны ў краіны Балтыі. Адтуль іх перапрадавалі, але ўжо пад выглядам якасных матэрыялаў. Усяго за год такім чынам удалося прадаць 36 тысяч кубамэтраў сыравіны.

Пра арышт дырэктара Менскага лясгасу мэдыі паведамілі 22 студзеня са спасылкай на Менскую абласную міліцыю. Тады паведамлялася пра завядзеньне 4 крымінальных спраў, у тым ліку за карупцыю, у пэрыяд з 2014 году. Указвалася, што злачынствы былі выяўленыя падчас праверкі працэсу мадэрнізацыі гаспадаркі Менскага лясгасу. Гэтая мадэрнізацыя праводзілася ў межаў выкананьня Дзяржаўнай праграмы разьвіцьця паляўнічага гаспадарства Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карупцыйны Менск як прыкмета загніваньня сыстэмы