Big Mac перастаў належаць толькі сетцы McDonald’s

Эўразьвяз пазбавіў сетку рэстаранаў хуткага харчаваньня McDonald’s эксклюзіўнага права на гандлёвую марку Big Mac. Цяпер іншыя кампаніі могуць прадаваць тавары (у тым ліку і бургеры) з такой назвай на тэрыторыі Эўразьвязу.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на рашэньне Бюро інтэлектуальнай уласнасьці Эўразьвязу.

Згодна з рашэньнем, амэрыканская сетка не падала доказаў выкарыстаньня маркі Big Mac на тэрыторыі ЭЗ на працягу пяці гадоў да 2017 году, калі пачалася афіцыйная спрэчка McDonald’s з ірляндзкай сеткай хуткага харчаваньня Supermac’s. Юрысты амэрыканскай кампаніі заяўлялі, што спажыўцы будуць блытаць слова Supermac з Big Mac’ам. Пасьля рашэньня рэгулятара Supermac’s змогуць адкрыць свае рэстараны ў Вялікабрытаніі.

Big Mac, прыдуманы ў ЗША ў 1967 годзе, належыць да найбольш характэрных прадуктаў сеткі McDonald’s. Big Mac складаецца з булачкі, разрэзанай на тры часткі, дзьвюх катлет зь ялавічыны вагою прыблізна 50 грамаў кожная, аднаго маленькага кавалачка сыру, двух кавалачкаў марынаванага агурка, цыбулі, салаты і падліўкі Big Mac.