Washington Post: Трамп схаваў падрабязнасьці сустрэчаў з Пуціным

Уладзімер Пуцін і Дональд Трамп

У архівах адміністрацыі ЗША адсутнічаюць падрабязныя запісы пра сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі — Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна. Пра гэта са спасылкай на амэрыканскіх службовых асоб сьцьвярджае газэта The Washington Post.

Па дадзеных выданьня, Трамп распарадзіўся забраць запісы размоваў з расейскім прэзыдэнтам, якія рабілі яго перакладчыкі, і запатрабаваў, каб яны не перадавалі пачутае каму-небудзь у адміністрацыі.
Паводле выданьня, падобныя «экстраардынарныя меры» не адпавядаюць стандартам, якіх прытрымліваліся іншыя прэзыдэнты ЗША.

Сам Трамп у суботнім інтэрвію Fox News катэгарычна заявіў, што нічога не хавае. Прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс назвала артыкул The Washington Post «агідна недакладным» і што ён «не заслугоўвае камэнтара» дадаўшы, што адміністрацыя Трампа праводзіць куды больш жорсткую палітыку ў дачыненьні да Расеі, чым яе папярэдніцы.

  • Паведамленьню The Washington Post папярэднічала інфармацыя The New York Times пра тое, што ў 2017 годзе ФБР адкрываў расьсьледаваньне адносна магчымых сувязяў Трампа з Расеяй. Лёс гэтага расьсьледаваньня пакуль няясны. Афіцыйныя прадстаўнікі ФБР не камэнтуюць гэтыя паведамленьні. Ніякіх абвінавачаньняў супраць Трампа ня вылучалі.
  • Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа назваў сьцьвярджэньні журналістаў «дурнымі» а сам Трамп заявіў, што праводзіць вельмі жорсткую палітыку ў дачыненьні да Расеі, хоць і хацеў бы неўзабаве наладзіць зь ёй адносіны.
  • Пасьля сустрэчы з Пуціным у Хэльсынкі ў ліпені мінулага года, падчас якой прэзыдэнты гутарылі «сам-насам» Трампа крытыкавалі апанэнты. Яшчэ адна сустрэча лідэраў, якая плянавалася ў Аргентыне ў лістападзе 2018 года, была адменена з прычыны захопу Расеяй украінскіх караблёў у Чорным моры.