У Польшчы затрыманыя двое падазраваных кітайскіх шпіёнаў

Офіс Huawei у Варшаве

Польскія спэцслужбы ў пятніцу затрымалі дваіх падазраваных у супрацоўніцтве з кітайскай выведкай. Адзін зь іх — дырэктар продажаў у Польшчы кітайскага вытворцы электронікі Huawei, перадае тэлеканал «TVP Info».

Затрыманьні адбыліся раніцай у Варшаве. Пракуратура западозрыла грамадзяніна Кітаю Вэйцьзіна В. у шпіянажы на карысьць КНР (прозьвішчы падазраваных паводле крымінальных справаў у Польшчы не выдаюцца — РС). Вядома, што ў рамках сваёй працы Вэйцьзін, які ў Польшчы таксама карыстаўся імем Станіслаў, лябіяваў інтарэсы Huawei у польскім урадзе, прапаноўваючы набыцьцё абсталяваньня фірмы польскім дзяржорганам. У 2000-х гадах грамадзянін Кітаю працаваў у пасольстве КНР у Варшаве. Раней ён вучыўся ва ўнівэрсытэце ў горадзе Лодзь. Да гэтага скончыў Пэкінскі інстытут міжнародных адносін.

Другі падазраваны — паляк. Летась ён перайшоў на працу ў кампанію Orange, гэта буйны апэратар сотавай сувязі. Раней Пётар Д. займаў кіраўнічыя пасады ў польскім Агенцтве ўнутранай бясьпекі. Падчас працы ў спэцслужбах, у яго быў доступ да зашыфраванай сыстэмы сувязі, якой карыстаюцца члены польскага ўраду. Яго звольнілі з працы ў 2017 годзе праз падазрэньняі ў атрыманьні хабару пры правядзеньні тэндэру на кампутарныя сыстэмы. Але крымінальную справу супраць яго тады пракуратура ня стала распачынаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Cуд ў Канадзе адпусьціў дачку заснавальніка кампаніі Huawei пад заклад памерам $ 7,5 мільёна

Паведамляецца, што затрыманыя правядуць пад арыштам як мінімум тры месяцы. Таксама вядома, што прадстаўнікі пасольства КНР у Варшаве папрасілі ў польскіх уладаў дазвол наведаць у турме Вейцьзіна В.

  • У сьнежні чэскія органы нагляду над кібэрбясьпекай перасьцераглі мясцовы ўрад перад абсталяваньнем Huawei. На думку экспэртаў, праз супрацоўніцтва фірмы з кітайскімі дзяржорганамі, карыстаньне чыноўнікамі прадукцыяй фірмы можа стварыць пагрозу для нацьбясьпекі Чэхіі.
  • У пачатку сьнежня ў Канадзе на запыт ЗША арыштавалі фiндырэктара Huawei Мэн Ваньчжоў. 12 сьнежня суд у горадзе Ванкувэр адпусьціў яе пад заклад, не спыніўшы пры гэтым справы аб экстрадыцыі ў ЗША. Там грамадзянка Кітаю падазраецца ў парушэньнях падатковага заканадаўства.