Масква абураная заявай Японіі пра спрэчныя астравы

Узьбярэжжа востра Кунашыр

МЗС Расеі паведаміла 9 студзеня пра выклік пасла Японіі Таёхісу Кодзукэ з прычыны выказваньня японскіх уладаў пра спрэчныя астравы, якія Масква называе Паўднёвымі Курыламі, а Токіё — акупаванымі Паўночнымі тэрыторыямі.

У МЗС удакладнілі, што прычынай выкліку пасла сталі паведамленьні з Токіё пра тое, што Японія плянуе адмовіцца ад кампэнсацый за Курыльскія астравы. Апроч іншага, амбасадару зьвярнулі ўвагу на выказваньні японскага прэм’ер-міністра Сіндзо Абэ пра магчымую перадачу астравоў са згоды расейскіх грамадзян, якія жывуць там.

«Старшыні японскай дыпляматычнай місіі было зазначана, што падобныя выказваньні груба скажаюць сутнасьць дамоўленасьцяў лідэраў Расеі і Японіі аб паскарэньні перамоўнага працэсу на падставе Сумеснай дэклярацыі 1956 году», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея будуе казармы на Курылах. Японія пратэстуе, бо лічыць выспы сваімі

Чатыры астравы Курыльскай грады (Ітуруп, Шыкатан, Кунашыр і Хабамаі) выклікаюць тэрытарыяльныя рознагалосьсі паміж дзьвюма краінамі з канца Другой сусьветнай вайны. Тады Савецкі Саюз анэксаваў гэтыя тэрыторыі. У 1956 годзе СССР і Японія падпісалі дэклярацыю аб завяршэньні баявых дзеяньняў, аднак мірны дагавор так і ня быў падпісаны.

14 лістапада пасьля сустрэчы лідэраў Расеі і Японіі стала вядома пра дамоўленасьць вярнуцца да савецка-японскага мэмарандуму1956 году, паводле якога Масква згаджалася перадаць японскаму боку два з чатырох астравоў, Хабамаі і Шыкатан, пасьля падпісаньня мірнай дамовы.