Мінадукацыі дазволіла прыватнай кампаніі зьбіраць у школьнікаў адбіткі пальцаў

Прыклад са справаздачы, якую атрымліваюць школьнікі

Спартовы чыноўнік адкрыў прыватную фірму пад назвай «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар спартовай і прафэсійнай арыентацыі». Па адбітках пальцаў ён вызначае аптымальныя для школьнікаў віды спорту. І хоць спартовыя мэдыкі называюць такую тэхналёгію паранавуковай, кампанія супрацоўнічае зь Міністэрствам адукацыі і праводзіць тэсты ў 20 школах.

«Дактыляскапія школьнікаў у палаце № 6 пры Міністэрстве адукацыі», — напісаў у сябе ў фэйсбуку выкладчык і дырэктар рэпэтытарскага цэнтру «100 балаў» Яўген Лівянт пра інавацыйны праект, распачаты Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам спартовай і прафэсійнай арыентацыі і Міністэрствам адукацыі.

Школьнік здае адбіткі пальцаў, і потым праграма на падставе скураных узораў вызначае, якім відам спорту яму лепш займацца і якім мае быць ягонае спартовае амплюа — то бок пазыцыя ў гульнявых відах спорту: брамніка, абаронцы ці нападніка.

Мінадукацыі: праект узгоднены, ад яго нядрэнныя чаканьні

Леанід Дварэцкі, дырэктар «Рэспубліканскага навукова-практычны цэнтар спартовай і прафэсійнай арыентацыі». Фота з сайту кампаніі rcspo-best.by

Інавацыйны праект са школамі разьлічаны на тры гады. Яго ладзяць Міністэрства адукацыі і прыватная кампанія «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар спартовай і прафэсійнай арыентацыі», якім кіруе Леанід Дварэцкі. Як сказаў Свабодзе Сяргей Зубовіч, дырэктар Мазалаўскай школы Віцебскага раёну, біямэтрычныя тэсты для школьнікаў як для ўдзельнікаў праекту бясплатныя. Калі ж праводзіць тэст самастойна, у Менску ён будзе каштаваць 50 рублёў на аднаго чалавека, а ў рэгіёнах — 37 рублёў.

«Мы вырашылі ўзяцца за гэты праект, паглядзець па біямэтрычных паказьніках, каму зь дзяцей якія віды спорту блізкія, — кажа Зубовіч. — Вось, напрыклад, ён займаецца лёгкай атлетыкай, а па ягоных біямэтрычных дадзеных будзе больш выгадна займацца іншым відам спорту ў далейшым».

У Міністэрстве адукацыі Свабодзе пацьвердзілі, што інавацыйны праект зь Леанідам Дварэцкім узгоднены. Тут абапіраюцца на досьвед Фэдэрацыі біятлёну, дзе праводзілася біямэтрычнае тэставаньне, сказаў Свабодзе Аляксандар Мацюшонак з Галоўнага ўпраўленьня выхаваўчай працы і моладзевай палітыкі Мінадукацыі.

«На год атрымліваецца 3–4 дзіцяці, якія трапляюць у школу алімпійскага рэзэрву, — сказаў Мацюшонак. — Адкрываецца талент, вызначаецца, што дзіця таленавітае ў гэтым кірунку. А тут была такая ініцыятыва — паспрабаваць як пілётны праект па ўсіх школах. Чаканьні ад яго плянуюцца нядрэнныя».

Спартовыя мэдыкі: гэта паранавука, верыць такім тэстам нельга

Іна Чарыкова, загадчыца лябараторыі псыхалёгіі спорту дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар спорту», кажа, што дэрматагліфічныя тэсты нельга ўспрымаць сур’ёзна.

«Вызначаць схільнасьць нават па генэтычных дасьледаваньнях досыць складана, — сказала Іна Чарыкова. — Біямэтрычныя тэсты — гэта яшчэ больш фармальны падыход. Так скажам, паранавуковы».

Па словах Іны Чарыковай, біямэтрычныя тэсты ў беларускім спорце афіцыйна не выкарыстоўваюцца.

«Дзяржаўныя ўстановы, як мы, маюць права выкарыстоўваць толькі сэртыфікаваныя сур’ёзныя мэтодыкі. Яны (Леанід Дварэцкі. — РС) спрабавалі падаваць навуковы праект (у Мінспорту. — РС), але ён быў раскрытыкаваны. Было заяўлена, што ніякай супрацы быць ня можа».

Замежныя навукоўцы: гэта хірамантыя, вынікі нельга прымаць усур’ёз

Такія сэртыфікаты атрымліваюць школьнікі пасьля таго, як здадуць адбіткі пальцаў

Расейскія навукоўцы выказваюцца наконт біямэтрычных тэстаў яшчэ больш катэгарычна. У 2016 годзе Камісія па барацьбе з ілжэнавукай і фальсыфікацыяй навуковых дасьледаваньняў пры Прэзыдыюме Расейскай акадэміі навук выдала Мэмарандум па дэрматагліфічным тэставаньні. Акадэмічныя навукоўцы назвалі такія тэсты хірамантыяй.

«Навуковых пацьверджаньняў таму, што па адбітках пальцаў можна вызначыць здольнасьці чалавека або даць рэкамэндацыі па выбары відаў спорту, прафэсіі або партнэраў, не існуе».

Навукоўцы раяць не карыстацца платнымі паслугамі кампаній, якія праводзяць біямэтрычныя тэсты. А ўжо атрыманыя вынікі тэставаньня не прымаць усур’ёз.

«Дзяржаўным арганізацыям, асабліва адукацыйным, не супрацоўнічаць з прадстаўнікамі дэрматагліфічных кампаній, бо гэта можа прыводзіць да навукова не абгрунтаванай і незаконнай дыскрымінацыі грамадзян у частцы атрыманьня імі адукацыі і працы», заключалі расейскія навукоўцы.

Сярод кампаній, якія праводзяць біямэтрычныя тэсты, згадваецца і InfoLife, чыю тэхналёгію выкарыстоўвае Леанід Дварэцкі.

Мінспорту: кампанія ня мае да нас дачыненьня

Заяўленыя партнэры кампаніі. Скрыншот з сайту http://rcspo-best.by

Сярод партнэраў Дварэцкага першым пазначана Міністэрства спорту і турызму. Але там вельмі зьдзівіліся заяўленаму партнэрству. Віталь Гаптар, начальнік аддзелу спартовай навукі, мэдыцыны і андтыдопінгавага кантролю, сказаў, што Дварэцкі ня мае дачыненьня да міністэрства.

«Мы рабілі ўжо заўвагу, казалі, каб яны гэта з сайту прыбралі, — сказаў Віталь Гаптар Свабодзе. — Хто гатовы зь ім супрацоўнічаць — на свой страх і рызыку...»

Віталь Гаптар кажа, што знаёмы зь дэрматагліфічнай тэхналёгіяй (так яна дакладна называецца). Але каб на 100% вызначыць схільнасьць дзіцяці да пэўнага спорту, недастаткова ўзяць ягоныя адбіткі пальцаў. Трэба правесьці прынамсі шэсьць генэтычных тэстаў, што каштуе больш за тысячу даляраў.

«Я ня думаю, што рэальна можна вызначыць схільнасьць па самых элемэнтарных тэстах», — сказаў Гаптар.

Віталь Гаптар прыгадаў, што Леанід Дварэцкі раней працаваў у Міністэрстве спорту.

Гаворка ідзе пра 1990-я і пачатак 2000-х, калі Дварэцкі працаваў у міністэрствах спорту і адукацыі. Да 2006 году быў намесьнікам дырэктара Навукова-дасьледчага інстытуту фізычнай культуры і спорту.

Як пісала газэта «Прессбол», у 2006 годзе Дварэцкі быў асуджаны на 5 год з канфіскацыяй маёмасьці. Суд абавязаў спагнаць зь Леаніда Дварэцкага і ягонага калегі Міхаіла Саламянца 1,2 мільярда рублёў (на той час — 535 тысяч даляраў). Пяць год яму было забаронена займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых функцый.

Тады сьледзтва прыйшло да высновы, што Дварэцкі і Саламянец «пры правядзеньні тэндэрных закупак па набыцьці структурамі Мінспорту спартовага і мэдычнага абсталяваньня з 5 лютага па ліпень 2005 году склалі і накіравалі ў адрас Мінспорту ня менш за дзесяць фіктыўных пратаколаў паседжаньняў тэндэрнай камісіі НДІФКС з аднаасобна выбранымі імі пераможцамі па пастаўцы матэрыяльных каштоўнасьцяў па шматкроць завышаных цэнах».

Замест офісу кампаніі — кабінэт музыкі ў адукацыйным цэнтры

Па адрасе на сайце разьмешчаны адукацыйны цэнтар «Кантакт»

​«Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар спартовай і прафэсійнай арыентацыі» — гэта не дзяржаўная арганізацыя, а прыватныя кампанія. Яе дырэктар — Леанід Казіміравіч Дварэцкі. Ён таксама працуе начальнікам аддзелу дыягностыкі і рэзэрву кадраў у дзяржаўным Інстытуце павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнічых работнікаў і спэцыялістаў фізычнай культуры, спорту і турызму.

Кампанія зарэгістраваная ў 2014 годзе на сына Дварэцкага — Яўгена Леанідавіча. Яна працуе па франшызе InfoLife у Беларусі.

На сайце кампаніі вельмі сьцісла тлумачыцца тэхналёгія біямэтрычных тэстаў: «Па адбітках пальцаў рук вызначаецца ўзровень прыроджаных здольнасьцяў (у працэнтах) да 19 алімпійскіх і 13 неалімпійскіх відаў спорту».

Дзеля правядзеньня тэсту выкарыстоўваюцца апараты InfoLife. Гэта расейская кампанія, якая і распрацавала праграмнае забесьпячэньне. Дзеля гэтага прааналізавалі адбіткі пальцаў больш як 6 тысяч чалавек.

Вось так выглядаюць вынікі тэстаў, якія выдаюць у «Рэспубліканскім цэнтры». Яны надрукаваныя на фірмовых блянках кампаніі InfoLife. Значыцца кампанія і ў пераліку партнэраў «Рэспубліканскага цэнтру».

InfoLife у пераліку партнэраў кампаніі Леаніда Дварэцкага

Фізычна інстытут нідзе не разьмешчаны. Мы прыехалі па адрасе, пазначаным на сайце, але знайшлі кабінэт музыкі ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Кантакт».

«Які цэнтар? — не разумее адразу ахоўніца. — А... Гэты пра адбіткі пальцаў. Дык ён тут ужо два месяцы не зьяўляўся».

Леанід Дварэцкі: камэнтары толькі з дазволу рэктара

Інстытут павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнічых работнікаў і спэцыялістаў фізычнай культуры, спорту і турызму, дзе працуе Леанід Дварэцкі

Па тэлефонах, пазначаных на сайце, адказвае сам Леанід Дварэцкі. Спачатку тэлефануем і прадстаўляемся як ахвочыя прайсьці тэст.

«Па гэтай мэтодыцы абароненая ўжо не адна доктарская дысэртацыя, кандыдацкія. Мы супрацоўнічаем з Усерасейскім навукова-дасьледчым інстытутам па фізкультуры і спорце, — кажа Дварэцкі праз тэлефон. — Каб вызначыць дакладнасьць праграмы ў Беларусі, мы правялі абсьледаваньне 15 алімпійскіх чэмпіёнаў і прызэраў алімпійскіх гульняў. І менш за 93% у іх не было паказчыкаў прыроджаных здольнасьцяў да свайго віду спорту».

Буклеты кампаніі, што праводзіць біямэтрычныя тэсты, каля кабінэта Дварэцкага

Потым тэлефануем да Дварэцкага як журналісты Радыё Свабода. Спачатку ён прызначыў сустрэчу на сваім працоўным месцы ў Інстытуце павышэньня кваліфікацыі, але на наступны дзень адмовіўся размаўляць.

— Трэба сустракацца афіцыйна. Рэктар інстытуту дае нам дабро. Афіцыйна да яго, і з вамі з прыемнасьцю сустрэнуся і пагавару.

— А пры чым тут рэктар, калі кампанія не належыць інстытуту?

— Я не прыватная асоба. Я працую на дзяржаўнай службе.