У сталіцы Бэльгіі забаранілі Uber

Прыкладаньне Uber у мабільным тэлефоне

Гаспадарчы суд Брусэлю забараніў працу сэрвісу Uber ў бэльгійскай сталіцы. Такім чынам суд падтрымаў патрабаваньні мясцовых таксапаркаў.

Пра гэта паведамляе агенцтва РБК са спасылай на тэлеканал інтэрнэт-рэсурс RTL Info.

У адпаведнасьці з рашэньнем брусэльскага суду праца Uber прызнана незаконнай. Суд заявіў, што двойчы — у верасьні і сьнежні — прымалася рашэньне, што правам на перавозку пасажыраў валодаюць толькі тыя кіроўцы, якія атрымалі адпаведную ліцэнзію і ўсталявалі на машыне значок таксі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк заявіў, што Uber парушае беларускае заканадаўства

У камэнтары RTL кіраўнік афіцыйнага перавозчыка Taxi Verts Мішэль Пётр паказаў, што Uber дагэтуль па-свойму інтэрпрэтаваў рашэньні судоў і працягваў працу ў Бэльгіі. Цяперашняя заява брусэльскага суду ўдакладняе забарону.

Раней у суд зьвярнулася Фэдэрацыя кіроўцаў таксі, якая заявіла, што Uber BV (мясцовая «дачка» амэрыканскай кампаніі) ня мае рацыі, калі кажа, што зьяўляецца толькі пасярэднікам.

«Uber устанаўлівае тарыфы, выстаўляе рахункі, выбірае кіроўцаў. Гэта не пасярэднік, а кампанія, якая ажыцьцяўляе перавозкі», — заявіў адвакат Фэдэрацыі Антуан Шамэ.

У самым Uber адкінулі абвінавачваньні ў тым, што парушаюць бэльгійскае заканадаўства. Там кажуць, што не зьяўляюцца сэрвісам таксі, а толькі даюць у арэнду пасажырам аўтамабілі з кіроўцам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бізнэсу Uber канец». Эрдаган абвесьціў аб забароне працы сэрвісу ў Турэччыне

Uber — прыкладаньне для выкліку таксі, распрацаванае амэрыканскай кампаніяй Uber Technologies Inc ў 2009 годзе. Кампанія працуе ў 65 краінах і больш чым у 600 гарадах сьвету, у тым ліку і ў Менску. У ліпені 2017 году Uber і расейская кампанія «Яндекс. Такси» падпісалі пагадненьне аб аб’яднаньні бізнэсу і сэрвісаў па онлайн-замове таксі ў Азербайджане, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Казахстане і Расеі.

У апошнія гады праца Uber была забароненая ў Баўгарыі, Вугоршчыне, Даніі. Пэўныя абмежаваньні на працу кампаніі існуюць у Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Гішпаніі. Кіроўцы таксі пратэстуюць супраць канкурэнтаў з Uber у многіх краінах сьвету, былі такія пратэсты і ў Беларусі.