Ратавальнікі, якія працуюць на месцы выбуху і абвалу часткі жылога дома на вуліцы Карла Маркса ў Магнітагорску, ведучы пошук целаў загінулых або ацалелых, знайшлі пад заваламі ката, паведамляе newsru.com.
Зьмёрзлы і перапалоханы, ён цудам выжыў і дачакаўся дапамогі. Ката забралі неабыякавыя жыхары, ухуталі яго цёплай коўдрай і завезьлі ў вэтэрынарную клініку.
Жывёла была ў вельмі цяжкім стане — тэмпэратура не вызначалася, нулявая рэакцыя, абмаражэньне, моцны стрэс, разарванае вуха. Аднак ужо праз пару гадзін вэтэрынары адагрэлі яго, пракапалі і прывялі да прытомнасьці. Ката праапэравалі, ён застаецца ў клініцы.
Пакуль жывёліна ня есьць, але, як сьцьвярджаюць валанцёры, гэта справа часу — калі паправіцца, тады і апэтыт зьявіцца, піша чалябінскае выданьне «Комсомольской правды».
Калі гаспадары ката жывыя і будуць знойдзеныя, то ён да іх вернецца. Цяпер валанцёры спрабуюць адшукаць іх праз сацсеткі.
Удзень у сераду 2 студзеня з-пад завалаў ратавальнікі дасталі яшчэ і жывога папугая. Ён зараз пакуль знаходзіцца «ў добрых людзей».
«Так, сапраўды, сёньня ратавальнікі знайшлі жывога хвалістага папугая», — паведамілі агенцтву РИА «Новости» ў прэс-службе гарадзкой адміністрацыі Магнітагорску.