Прэзыдэнцкая выбарчая кампанія ва Ўкраіне пачнецца 31 сьнежня. Такое рашэньне прыняла Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны. Выбары прэзыдэнта прызначаныя на 31 сакавіка 2019 году.
Вылучэньне і прыём дакумэнтаў ад кандыдатаў у прэзыдэнты дазволеныя да 3 лютага. Да 8 лютага Цэнтравыбаркам завершыць працэс рэгістрацыі і абвесьціць прэтэндэнтаў на пасаду.
Калі выбары пройдуць у адзін этап, іх вынікі падвядуць да 10 красавіка. Калі ніводзін з кандыдатаў на выбарах 31 сакавіка не набярэ больш за 50 адсоткаў галасоў, другі тур галасаваньня пройдзе 21 красавіка. У гэтым выпадку вынікі абвесьцяць 1 траўня, а інаўгурацыю прызначаць на 31 траўня.
Паводле дадзеных сацыялягічных апытаньняў, амаль 21% апытаных гатовы прагаласаваць за лідэра партыі «Бацькаўшчына» Юлію Цімашэнку. На другім месцы сярод патэнцыйных кандыдатаў рэжысэр і шоўмэн Уладзімір Зяленскі. За яго гатовыя аддаць свае галасы больш за 13% апытаных. За дзейнага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку гатовыя прагаласаваць крыху больш за 11% рэспандэнтаў.