Расейцам найбольш падабаюцца армія і царква, найменш — апазыцыя

Патрыярх Маскоўскі Кірыл на пасяджэньні калегіі Міністэрства абароны Расеі, Масква, 11 сьнежня 2018

Армія, Расейская праваслаўная царква і праваахоўныя органы ўзначальваюць рэйтынг грамадзкіх інстытутаў, якія найбольш станоўча ацэньваюць расейцы. Пра гэта сьведчаць дадзеныя сьнежаньскага апытаньня Усерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі (УЦДГМ).

Найвышэй жыхары Расеі ацанілі дзейнасьць арміі (86% падтрымалі, 6% выказаліся супраць). Дзеяньні Расейскай праваслаўнай царквы ўхваляюць амаль 69% рэспандэнтаў. Супраць выказаліся 16%. Працу праваахоўных органаў станоўча ацэньваюць 57% расейцаў, адмоўна — 27%.

З 2014 году доля тых, хто ўхваляе дзейнасьць расейскай арміі, вырасла на 17%, а РПЦ — 4%. Доля тых, хто падтрымлівае праваахоўныя органы, таксама павялічылася на 8 працэнтных пунктаў.

Рэйтынг неўхваленьня расейцаў ўзначальвае апазыцыя. 41% апытаных ставіцца да яе нэгатыўна, падтрымлівае яе 30%. Акрамя гэтага, найбольшы недавер у жыхароў краіны выклікае судовая сыстэма і палітычныя партыі, супраць іх дзеяньняў выступілі 37% рэспандэнтаў. Амаль палова расейцаў не ўхваляе тое, што адбываецца ў Дзяржаўнай Думе, а падтрымлівае яе дзейнасьць толькі траціна апытаных.