Двое мужчын са страйкбольнай зброяй напалохалі пасажыраў у парыскім аэрапорце. Адзін зь іх, як мяркуецца, беларус. Іх затрымалі, але неўзабаве адпусьцілі.
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз сказаў Свабодзе, што супрацоўнікі ведамства зьвязваюцца з парыскай паліцыяй. Але, удакладніў ён, паколькі расейцаў часьцяком блытаюць зь беларусамі, інфармацыя цяпер правяраецца.
Як паведамляе выданьне Le Parisien, раніцай 26 сьнежня ў другім тэрмінале парыскага аэрапорту «Шарль-дэ-Голь» адзін з пасажыраў заўважыў двух мужчын са зброяй. Паліцыя іх затрымала. Усіх астатніх эвакуявалі, выклікалі сапэраў. Неўзабаве тэрмінал аднавіў працу.
Як аказалася, у мужчын пры сабе была зброя для страйкболу, вельмі падобная да баявых вінтовак Famas.
Затрыманыя — расейскамоўныя. У аднаго зь іх ёсьць від на жыхарства ў Францыі. Паводле крыніцы выданьня, ён беларус. Другі — грамадзянін Францыі. Адзін сустракаў другога ў аэрапорце.
Мужчын вызвалілі, паколькі нашэньне несапраўднай зброі не зьяўляецца злачынствам.