Мінабароны РФ: Ізраіль стварыў пагрозу цывільным самалётам у Сырыі

Самалёт F-16 Арміі абароны Ізраілю (архіўнае фота)

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ізраільскія вайсковыя самалёты атакавалі Сырыю падчас заходу на пасадку двух грамадзянскіх самалётаў у аэрапортах Дамаску і Бэйруту.

Паводле дадзеных расейскага міністэрства, Ізраіль выпусьціў 16 кіраваных авіябомбаў. 14 зь іх былі зьнішчаныя сырыйскай сыстэмай супрацьпаветранай абароны. Сьцьвярджаецца, што самалёты, якія атакавалі, былі ў паветранай прасторы Лібану.

Сырыйскія дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што ў выніку авіяналёту раненьні атрымалі трое салдатаў урадавай арміі Сырыі. Выданьне Newsweek cа спасылкай на крыніцу ў спэцслужбах ЗША паведамляе, што ў момант авіяўдару ў аэрапорце Дамаску было некалькі кіраўнікоў радыкальнай групоўкі «Хізбала».

Паводле інфармацыі ізраільскіх журналістаў, самалёты Арміі абароны Ізраілю выпусьцілі ня менш за 22 ракеты. Паводле непацьверджаных дадзеных, іх цэльлю сярод іншага мог быць самалёт іранскага прыватнага перавозьніка, які дастаўляў зброю групоўцы «Хізбала».

У Арміі абароны Ізраілю заявілі, што сыстэма супрацьпаветранай абароны была задзейнічаная ў ноч з 25 на 26 сьнежня ў адказ на запушчаную з тэрыторыі Сырыі ракету.

Заяву расейскага Міністэрства абароны ізраільскія ўлады пакуль не пракамэнтавалі.