Сьледчы камітэт Беларусі завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы аб выбуху на Скідзельскім цукровым камбінаце ў лютым 2017 году. Пра гэта паведамляе аддзел інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю СК.
З улікам аналізу фактычных дадзеных сьледчыя прад’явілі абвінавачаньні ў службовай халатнасьці (арт. 428 КК) галоўнаму інжынэру камбінату, начальніку цэху гатовай прадукцыі і ягонаму намесьніку.
Паводле дадзеных сьледзтва, у выніку здарэньня, якое забрала жыцьці чатырох чалавек, прадпрыемству таксама нанесеная маёмасная шкода на суму больш за 500 тысяч рублёў.
Крымінальную справу перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.
25 лютага 2017 году ў начную зьмену на Скідзельскім цукровым камбінаце, які цалкам належыць дзяржаве, здарыўся выбух.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выніку ўспышкі на Скідзельскім цукровым камбінаце параненыя 5 чалавекПылапаветраная сумесь, як паведамлялася тады на сайце Сьледчага камітэту, занялася ў галерэі побач з цэхам пакаваньня і фасаваньня. Дэфармаваліся сьцены цэху, пашкоджаныя вокны і дзьвярныя праёмы. Толькі адна зь пяці супрацоўніц, што апынуліся побач, выжыла.
Паводле інфармацыі Свабоды, пацярпелыя атрымалі выплаты ад прадпрыемства ў памеры сярэдняга заробку за дзесяць гадоў — каля 45–50 тысяч даляраў.
Крымінальную справу адразу завялі паводле артыкула «службовая нядбайнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пацярпелыя баяцца гаварыць. Як жыве Скідзель праз год пасьля выбуху на цукровым заводзеЛетась у сакавіку затрымалі двух падазраваных: начальніка цэху гатовай прадукцыі Скідзельскага цукровага камбінату Ўладзімера Малашэвіча і ягонага намесьніка Грушэўскага. Пазьней стала вядома пра затрыманьне галоўнага інжынэра Ўладзімера Губарэвіча.
Празь некалькі месяцаў усіх траіх выпусьцілі з-пад варты. Калі пра затрыманьне паведамлялася на сайце Сьледчага камітэту і ў шмат якіх мэдыях, то выхад з-пад варты прайшоў незаўважна для грамадзкасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «Пінскдрэву» да «Магілёўдрэву»: найбуйнейшыя трагедыі на беларускіх прадпрыемствах апошніх гадоў